Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка навязаў Расеі вінаватага Баўмгертнэра


«Аляксандар Лукашэнка відавочна перамагае на дадзеным этапе калійнай вайны», — лічыць палітычны аналітык Кірыл Коктыш.

Учора Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што супраць генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, першага намесьніка Беларускай калійнай кампаніі Канстанціна Саладоўнікава і іншых асобаў узбуджаныя крымінальныя справы. Рашэньне было прынятае на падставе вынікаў разгляду матэрыялаў, якія паступілі з кампэтэнтных органаў Рэспублікі Беларусь.

Сьледчы камітэт Расеі паведамляе, што будзе рыхтаваць дакумэнты з просьбай аб экстрадыцыі Баўмгертнэра на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Беларускія ўлады ня раз намякалі Расеі, што гатовыя пазбавіцца ад гендырэктара «Ўралкалія». Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі 11 кастрычніка ўголас абвясьціў: «Вы б маглі сказаць: аддайце яго нам, расіянам, мы самі разьбяромся. Калі ласка, хай прыяжджае генэральны пракурор Чайка — і па законе вы забіраеце яго ў камэру ў „Бутырку“ ці ў якое іншае месца, вядзіце расьсьледаваньне, мы будзем дапамагаць. Ён вам больш шкоды нанёс. Пакуль просьбы такой не было».

Выглядае, што праваахоўныя органы Расеі адрэагавалі як найхутчэй. Аднак просьба аб экстрадыцыі ў Генэральную пракуратуру Беларусі яшчэ не паступіла. Працэдура экстрадыцыі вызначаецца Менскай канвэнцыяй аб прававой дапамозе і прававых узаемадачыненьнях па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 году. У ёй не агавораныя тэрміны разгляду пытаньня пра экстрадыцыю.

Сёньня таксама стала вядома, што сам Уладзіслаў Баўмгертнэр, які цяпер пад хатнім арыштам у Менску, забараніў сваім адвакатам камэнтаваць акалічнасьці ягонай справы. Магчыма, што наступныя навіны пра топ-менэджэра «Ўралкалія» прыйдуць ужо з Масквы.

Палітычны аналітык Кірыл Коктыш лічыць, што на дадзеным этапе Аляксандар Лукашэнка ўпэўнена перамагае ў калійнай вайне:

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

«Пасьля таго як Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць генэральнага дырэктара і астатняга мэнэджмэнту „Ўралкалія“, відавочна, што Аляксандар Лукашэнка здолеў навязаць сваю інтэрпрэтацыю падзеяў і сваю юрысдыкцыю наконт гэтай справы Расеі. Аказваецца, што беларускі бок у героях. І гэта будзе капіталізавана ў канцы году на перамовах па нафце, датацыях і іншых пытаньнях».

Аналітыкі адзначаюць, што пакуль беларускі бок у калійнай вайне здабываў толькі перамогі. Галоўная зь іх — зьмена асноўнага акцыянэра «Ўралкалія» Сулеймана Керымава. Менавіта яго Аляксандар Лукашэнка лічыць адказным за калійны канфлікт.

Зь Беларусі ня раз заяўлялася, што «Беларускалій» гатовы ўзнавіць супрацоўніцтва з «Уралкаліем», але толькі пры ўмове новага ўласьніка. Чуткі пра тое, што Керымаў усё ж пазбаўляецца сваёй долі, якая складае амаль 22 працэнты акцыяў кампаніі, ходзяць даўно. Упершыню іх апублікаваў у сваім Фэйсбуку расейскі адвакат Аляксандар Дабравінскі. Пакуль невядома, з кім і на якіх умовах ідуць перамовы.

Аднак учора аўтар самага папулярнага эканамічнага блогу Расеі аналітык Максім Авербух апублікаваў у сваім твітэры пост наступнага зьместу:

«Сулейман Керымаў у сьпешцы са стратамі распрадае актывы. Мядзьведзеў з рэчамі на выхад?»

Магчыма, канфлікт паміж расейскай і беларускай кампаніямі прывядзе і да больш глябальных пераменаў у палітыцы абедзьвюх краінаў.
XS
SM
MD
LG