Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок ня мае афіцыйнай інфармацыі з Расеі пра Баўмгертнэра


Сьледчы камітэт Беларусі яшчэ не атрымаў афіцыйнай інфармацыі пра тое, што Сьледчы камітэт Расеі ўзбудзіў крымінальную справу адносна гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.

Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Павал Траулька.

Адносна магчымай экстрадыцыі Баўмгертнэра ў Расею ў праваахоўных органах патлумачылі, што «пытаньні экстрадыцыі ў Беларусі знаходзяцца ў кампэтэнцыі Генэральнай пракуратуры».

І дадалі, што ў Менскай канвэнцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 году не абумоўлены тэрміны разгляду пытаньня аб экстрадыцыі. А ўзбуджэньне крымінальнай справы ў іншай дзяржаве «зусім не азначае, што распачатая ў Беларусі крымінальная справа будзе абавязкова спынена».

Сьледчы камітэт Расеі ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненьні да гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра за злоўжываньне паўнамоцтвамі. Пра гэта 14 кастрычніка паведаміў расейскім СМІ афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Расеі Ўладзімер Маркін. Ён распавёў, што бліжэйшым часам будзе вырашана пытаньне аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага і абраньні меры стрыманьня да Ўладзіслава Баўмгертнэра. Пасьля гэтага Сьледчы камітэт Расеі падрыхтуе дакумэнты аб экстрадыцыі Баўмгертнэра на тэрыторыю Расеі.

Беларускі бок перадаў Расеі 19 тамоў з «калійнай» крымінальнай справы па факце прычыненьня шкоды інтарэсам Расеі.
XS
SM
MD
LG