Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўрал на будаўніцтве новай рэзыдэнцыі Лукашэнкі


Сотні будаўнікоў і дзясяткі адзінак тэхнікі задзейнічаныя на фінішных працах вакол новай рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Напярэдадні кіраўнік краіны загадаў упарадкаваць яе да 25 кастрычніка, калі ў Менск зьедуцца кіраўнікі краінаў СНД. Паводле Лукашэнкі, высокім гасьцям павінны быць забясьпечаныя максымальна зручныя і камфортныя ўмовы для працы. Ці здолеюць будаўнікі ўкласьціся ў адведзеныя кіраўніком дзяржавы 10 дзён.

Калі з боку праспэкта Пераможцаў будынак Палаца незалежнасьці збольшага даведзены да ладу, то зусім іншая карціна адкрываецца з вуліцы Арлоўскай — горы будаўнічага друзу, незасыпаныя ямы з кабэлямі, паўсюль сьмецьце.



Будаўнікі прызнаюцца, што працы на стратэгічным аб’екце не спыняюцца ні ўдзень, ні ўначы. Паводле суразмоўцаў, людзі зьнятыя зь іншых будоўляў, з усяго гораду сагнаныя бульдозэры і грузавікі. У сьпешным парадку насыпаюць грунт, кладуць плітку, асфальтуюць пад’язныя дарогі. Прарабы з тэчкамі бегаюць паміж групамі рабочых, кантралюючы, каб тыя ўкладаліся ў графік. Ці рэальна пасьпець да ўлазінаў 25 кастрычніка? Чалавек з рыдлёўкай кажа, што калі для паказухі, то за 10 дзён навесьці марафет можна, але потым яшчэ доўга давядзецца ўсё дарабляць.

Дарэчы, калі над парадным уваходам з боку праспэкту залатымі літарамі выкладзены надпіс па-беларуску «Палац Незалежнасьці. Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», то з тыльнага боку захаваны прынцып «двуязычыя» — усё тое ж, толькі па-расейску.



Аналітыкі акцэнтуюць увагу, што навабуд чарговай прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі здаецца ў год, які сам Лукашэнка абвясьціў Годам беражлівасьці. Але, як кажуць блізкія да будоўлі крыніцы, на аздабленьні навабуду ніякай эканоміі не заўважана.

Па пэрымэтры будынак абнесены чыгуннай агароджай, якая расьцягнулася на сотні мэтраў. Інтэр’еры ўзятыя ў граніт, мармур ды іншыя нятанныя матэрыялы. Мантажом каменных канструкцыяў займаліся спэцыялісты, выпісаныя з Грэцыі і Турэччыны.

Замежнікі займаліся ўсталяваньнем і іншага тэхнічнага абсталяваньня: японцы — сыстэмамі кандыцыянаваньня і вэнтыляцыі, немцы — электрыкай і каналізацыяй, сэрбы — сантэхнікай. Сапраўдны інтэрнацыянал і вакол аб’екта: у якасьці чорнарабочых задзейнічаныя таджыкі, узбэкі, віетнамцы, паўночныя карэйцы.



Але ці стане рэзыдэнцыя Лукашэнкі ўпрыгожаньнем сталічнага ляндшафту? Заслужаны архітэктар Беларусі Міхаіл Пірагоў кажа, што сярод адмыслоўцаў неадназначныя думкі наконт ня толькі архітэктурнага рашэньня комплексу, але і месца, дзе ён паўстаў:

«Справа ў тым, што мы заўсёды ганарыліся наяўнасьцю ў Менску так званага водна-зялёнага дыямэтра. Зялёныя пасадкі ўздоўж Сьвіслачы рабілі гэты раён сапраўдным аазісам. Але такога кшталту забудовамі на гэтую тэрыторыю ідзе вельмі агрэсіўны наступ, што ўрэшце вядзе да яе зьнішчэньня. І ніхто гэтаму не супрацьстаіць, вось у чым бяда. Разумееце, і гэты палац туды ўлез, і іншыя комплексы. Праз Арлоўскую комплекс спачатку адзін узьвялі, потым другі, трэці, і ўсё якраз у гэтай зоне! Паступова, паступова гэты водна-зялёны дыямэтар забудоўваюць. Тое, што, яшчэ раз паўтаруся, заўсёды было, не перабольшваю, гонарам генэральнага пляну гораду Менску ўздоўж ракі Сьвіслачы. На жаль, з такімі тэмпамі неўзабаве ад яго практычна нічога не застанецца».

Улады доўгі час хавалі, што менавіта ўзводзіцца на скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай. Аднак узмоцненая міліцэйская ахова і камэры сачэньня ўздоўж агароджы падштурхоўвалі да высновы, што гэта аб’ект дзяржаўнай важнасьці. Толькі сёлета ў траўні Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: будуецца цэлы «ідэалягічны комплекс, пакліканы паставіць апошнюю кропку ў спрэчках пра беларускую незалежнасьць». Акурат 3 ліпеня пры вялікім зборы народу была закладзеная Плошча дзяржаўнага сьцяга. Мяркуецца, што ў музэй дзяржаўнай ідэалёгіі будзе пераабсталяваны колішні выставачны цэнтар «БэлЭКСПА». А апошняй кропкай у гэтым ідэалягічным трыадзінстве стане якраз Палац незалежнасьці.

Такім чынам, колькасьць рэзыдэнцыяў Лукашэнкі, не прызначаных для іншых дзяржаўных патрэбаў, апроч прэзыдэнцкіх, дасягнула тузіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG