Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цень Бірулёва


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Пагромы ў маскоўскім раёне Бірулёва сталі змрочным фонам для заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусі трэба ўдвая больш насельніцтва, чым цяпер жыве ў краіне, і запрашэньня расейцаў зь любога рэгіёну прыяжджаць на сталае жыхарства ў Беларусь. Ну вось у Расеі жыхары аднаго рэгіёну – а менавіта Паўночнага Каўказу – пераехалі ў іншы – у Маскву, што і стала прынамсі адной з прычынаў бірулёўскіх забурэньняў.

У Расеі прадухіліць гэтыя міграцыі, вельмі моцна не парушаючы закон і права на свабоду перасоўваньня, немагчыма: грамадзяне краіны маюць права выбіраць месца жыхарства ў яе межах. Беларусь аддзяляе ад Расеі якая-ніякая, але дзяржаўная мяжа і вялікае пытаньне, ці варта «запрашаць» разам зь мігрантамі і канфлікты, падобныя бірулёўскаму.

Але ёсьць больш шырокае пытаньне – ці магчыма і ў Беларусі прадухіліць гэта ў пэрспэктыве, калі ў краіне адбудуцца чаканыя многімі перамены?

Лукашэнка, у пэўным сэнсе замарозіўшы Беларусь у савецкім сацыялізме, замарозіў, захаваў і зьявы калі не станоўчыя, то прынамсі звыклыя. КПСС магла сваёй воляй перасоўваць велізарныя масы людзей – ад завозу людзей на цаліну да дэпартацыяў цэлых народаў, але пры гэтым магла і досыць эфэктыўна кантраляваць спантанную міграцыю, інструмэнтамі кантролю была і прапіска, і дзяржаўная ўласнасьць і шмат іншых элемэнтаў цэласнай дзяржаўнай сыстэмы. Пра колькі-небудзь заўважальную міграцыю з-за межаў СССР тады наагул не было і гаворкі.

Шмат у чым тая савецкая сыстэма захавалася ў сучаснай Беларусі: кантроль за грамадзтвам даволі моцны, 70% ВУП вытвараецца на прадпрыемствах дзяржаўнай уласнасьці. Плюс да таго краіна хаця і не ў галечы, але і ня надта багатая, каб быць вельмі прыцягальнай для людзей, што шукаюць лепшай долі.

Што адбываецца ў заможных краінах Эўропы, асабліва Эўропы Заходняй, ва ўсіх перад вачыма – вялікае «перасяленьне народаў», імклівы рост іншаэтнічных грамадаў. Багацьце гэтых краін у параўнаньні з галечай краін «трэцяга сьвету» спараджае магутную спакусу пашукаць шчасьця, дастаткова лібэральнае іміграцыйнае заканадаўства і свабодная эканоміка робяць бар'еры ў гэтым пошуку не такімі ўжо і высокімі, прававы характар дзяржавы і адсутнасьць татальнага кантролю не дазваляюць вылавіць і выкінуць з краіны ўсіх «панаехаўшых». Масавая міграцыя, зьмена нават этнічнага ляндшафту Эўропы – плата за свабоду.

І яшчэ за адно, і ці ня ў першую чаргу за гэта – за тое, што Эўропа старэе, што кантынэнт заможных гараджанаў нараджае менш дзяцей, чым бедныя аграрныя нацыі Поўдня сьвету. Адрозьненьні ў гэтым сэнсе паміж краінамі Эўропы ёсьць, але яны непрынцыповыя, гэта адрозьненьні ў адной лізе: скарачаецца насельніцтва ў сярэдняй рукі заможнасьці Беларусі, але скарачаецца яно і ў самай багатай краіне кантынэнту Нямеччыне. І гэта ня вынік «зладзейства» Лукашэнкі ці Мэркель – гэта вынік урбанізацыі і жаночай эмансіпацыі.

А эканомікі між тым растуць, прычым больш імкліва, чым насельніцтва. Попыт на працоўную сілу, асабліва на танную і некваліфікаваную, перавышае прапанову і гэты разрыў дзейнічае, як помпа, уцягваючы ў Эўропу міграцыйныя патокі.

Вось у Беларусі кваліфікаваныя кадры ад'яжджаюць, а працаваць хто будзе? Ну так, дурная эканамічная палітыка. Раскажыце гэта немцам зь іх мільёнамі туркаў, ці французам зь іх арабамі, ці англічанам зь індусамі і пакістанцамі. Ці то і там такая ж дурная, ці то там разумная, але дзеяньне прыгаданае помпы ня вельмі залежыць ад якасьці эканамічнай палітыкі.

Таму ў Эўропе, нягледзячы на рост папулярнасьці антыіміграцыйных рухаў, спрэчкі ідуць не пра тое, каб павярнуць міграцыйны паток у адваротны бок ці нават спыніць яго, а адно пра тое, як зрабіць больш павольным яго рух.
Лукашэнка гэта і меў на ўвазе, калі казаў, што людзей не хапае – не таму, што краявіды надта пустынныя. А таму, што для далейшага росту эканомікі патрэбныя рабочыя рукі.

Пакуль паток стрымлівае савецкая спадчына – і ў сэнсе кантролю, і ў сэнсе юрыдычнай сыстэмы, і ў сэнсе ня надта вялікай эканамічнай прывабнасьці Беларусі. Але ж мы хочам свабоды, эўрапейскіх стандартаў, заможнай Беларусі. Хочам. Але ўсё гэта будзе якраз рабіць міграцыйныя патокі ў Беларусь значна больш паўналюднымі, чым цяпер.

Парадокс, але ў гэтым пытаньні вораг Захаду Лукашэнка разважае як тыповы брусэльскі эўракрат (радасьці ад мігрантаў мала, але эканоміка патрабуе), а ягоныя праэўрапейскія апанэнты, адэпты ўступленьня Беларусі ў ЭЗ – як, скажам, францускі Нацыянальны Фронт – заўзятыя эўрапейскія праціўнікі як мігрантаў, гэтак і Эўразьвязу як такога, а ўжо тым больш пашырэньня яго за кошт пэрыфэрыі кшталту Беларусі.

Так выглядае, што нават геапалітычны выбар тут мала што вызначае, шчыльнае супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй не прывяло пакуль да вялікай іміграцыі ў Беларусь, краіны Заходняй Эўропы атрымалі свае патокі міграцыі ня ў выніку саюзу з Расеяй.

Зразумела, лепш бы насельніцтва Беларусі расло хутчэй, тады б і праблемы не было. Але досьвед той жа Эўропы паказвае, што межы гэтага паскарэньня даволі вузкія. Так што радыкальныя рэцэпты – спыніць эканамічны рост, трымаць межы на замку, захаваць і ўмацаваць паліцэйскі кантроль над грамадзтвам. Ну і, зразумела, ніякага Эўразьвязу зь яго «гнілым» лібэралізмам. Тады гарантавана можна атрымліваць асалоду ад этнічнай чысьціні. А інакш, відаць, не атрымаецца.

Вялікая іміграцыя ў Беларусь прыйдзе ня заўтра, так што пакуль апазыцыйныя палітыкі могуць гуляцца ў гульні зь лёгкім налётам ксэнафобіі, балазе перад вачыма посьпехі ў Расеі Навальнага.

Але, дарэчы, ці няма сувязі, хай і не наўпроставай, паміж Бірулёвым і рыторыкай таго ж Навальнага? Зразумела, ёсьць спакуса атрымаць на свой бок такую сілу, але, як той казаў, асядлаць тыгра прасьцей, чым зьлезьці зь яго. Тым больш, што прынцыпова гэтыя высілкі няздольныя зьмяніць тое, што зьяўляецца прычынай выбуху гэтых жарсьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG