Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times пра новую дыстопію «Кола»

  • Аляксандар Лукашук

Дэйв Эгерс і вокладка яго кнігі «Кола»

Дэйв Эгерс і вокладка яго кнігі «Кола»

Новы раман амэрыканца Дэйва Эгерса «Кола» (Dave Eggers, «The Circle») зьявіўся ў амэрыканскіх кнігарнях на мінулым тыдні (першы наклад – 125 тысяч асобнікаў) і адразу патрапіў у бэстсэлеры на Амазоне. Рэцэнзіі зьмясьцілі самыя ўплывовыя выданьні Амэрыкі і Эўропы, New York Times і Financial Times.

...Мэй Голянд, маладая ідэалістка, паступае на працу ў Кола, звышмагутную тэхналягічную карпарацыю, і думае, што збылася мара яе жыцьця. Кампанія Кола, якая месьціцца ў Каліфорніі, злучыла электронную пошту, сацыяльныя мэдыі, банкі, шопінг у адну ўнівэрсальную апэрацыйную сыстэму. У выніку кожны атрымаў адну анлайнавую пэрсону, і пачаўся новы век празрыстасьці. Мэй уражаная офісамі бязь сьценак, шклянымі вежамі, інтэрнатамі для тых, хто позна працуе. Усю ноч на тэрыторыі кампаніі адбываюцца вечарынкі, знакамітыя музыканты граюць на лужках, адкрытыя спартовыя клюбы, там ёсьць нават акварыюм з рэдкімі рыбкамі з Марыянскай упадзіны, якія злавіў кіраўнік кампаніі.

Мэй становіцца прыкладам празрыстасьці – усё яе жыцьцё адсочваецца і паказваецца камэрамі кшталту акуляраў Гугл – многія тэхналёгіі, апісаныя ў Коле, альбо існуюць, альбо ужо абмяркоўваюцца, гэта кніга пра блізкую будучыню.

Але ўсё ня так проста, ясна і прыгожа. Звышпразрыстасьць, адкрытасьць і новыя тэхналёгіі пануюць у блізкай будучыні як адказ на ўсе праблемы. Мантры заснавальнкаў Кола – «сакрэт – гэта хлусьня», «падзяліцца – гэта паклапаціцца» – нагадваюць ня толькі дыстопію Оруэла, але і выказваньні рэальных кіраўнікоў Сыліконавай даліны, піша New York Times.

Гісторыя ідэалізму і амбіцый аднаго чалавека неўзабаве ператвараецца ў раман-загадку з пытаньнямі пра памяць, гісторыю, прыватнае жыцьцё, дэмакратыю, – так вызначае сэнс раману рэцэнзэнт на сайце Amazon, міжнароднай анлайнавай кнігарні.

Раман выклікаў нэрвовую рэакцыю яшчэ да выхаду, піша New York Times. Сыліконавая даліна пазнала сябе ў новым творы – але аўтар адмаўляе, што ён быў там або кансультаваўся з супрацоўнікамі Гугла, Фэйсбука ці Твітэра, хоць шмат якія рысы гэтых кампаніяў бачныя у новай дыстопіі.

«Гэта раман для тых, хто ўжо вырашыў для сябе, што сацыяльныя мэдыі небясьпечныя», напісаў адзін з крытыкаў. «Гэта пільны погляд на сябе ў люстэрка», адказаў іншы.
XS
SM
MD
LG