Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усынаўленьне дзяцей праз dadomu.by


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 14 кастрычніка пачаў працу інтэрнэт — партал dadomu.by, які прысьвечаны ўсынаўленьню дзяцей. Ён павінен дапамагчы дзецям, якія засталіся без бацькоў, знайсьці сям’ю, а сем’ям — дзіця для ўсынаўленьня.

На сайце ўжо разьмешчана інфармацыя пра 3300 дзяцей, якія жадаюць знайсьці сям’ю. Інфармацыя на партале разьмешчана са згоды дзяцей. Напаўненьнем базы займаецца дзяржаўны апякун, які адказвае за дзіця.

На сайце разьмешчана інфармацыя аб формах сямейнага ўладкаваньня дзяцей, парадак дзеяньняў тых, хто жадае ўзяць на выхаваньне дзіця, адрасы дамоў-інтэрнатаў, а таксама інфармацыя аб сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў.

Ініцыятыва стварэньня сайта належыць актывістам форумнага руху, якія ў мінулым годзе распачалі збор подпісаў у інтэрнэце за стварэньне падобнага рэсурса, на якім можна было б разьмяшчаць падрабязную інфармацыю і фотаздымкі дзяцей, якія жывуць у інтэрнатах. Актывісты накіравалі 535 подпісаў у Нацыянальны цэнтар усынаўленьня Міністэрства адукацыі. Далей да ініцыятывы далучыліся ў Нацыянальным банку Беларусі і прыватнай кампаніі — «Лайт Вел Арганізэйшэн».

Падобныя інтэрнэт-рэсурсы працуюць у Расеі, Украіне, Латвіі. Беларускі dadomu.by павінен пашырыць удзел грамадзянскай супольнасьці ў вырашэньні праблемы сіроцтва, забясьпечыць даступнасьць і празрыстасьць, адзначаецца на сайце.

Цяпер пад патранажам міністэрстваў працы і аховы здароўя знаходзіцца каля 1260 сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах Мінадукацыі жывуць каля 4 тысяч дзяцей, яшчэ 8 тысяч дзяцей інтэграваныя ў так званыя прафэсійныя замяшчальныя сем’і.
XS
SM
MD
LG