Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі сваё Бірулёва


Калі Аляксандар Лукашэнка будзе працягваць сваю палітыку працоўнай міграцыі, рана ці позна ў нас паўторыцца тое, што ў Расеі, лічыць экс-старшыня Маладога Фронту, былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч.

«Ня веру, што ў Беларусі такое магчыма, але калі Беларусь усё больш будзе ўцягвацца ў расейскую арбіту, то і мы дасягнем такіх жа «посьпехаў» у ксэнафобіі, — заключае блогер Ra_Ha_Chou.

Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Калі ўлады любой краіны праводзяць непрадуманую міграцыйную палітыку, гэта ўносіць элемэнт дэстабілізацыі ўнутры грамадзтва. Тое, што мы назіраем цяпер у Расеі, адбываецца і ў любой іншай краіне, у тым ліку ў эўрапейскіх, якія вымушаныя запрашаць замежную працоўную сілу на тыя працоўныя месцы, дзе самі грамадзяне ня хочуць працаваць.

На сёньняшні дзень у Беларусі няма такога супрацьстаяньня. Але калі Лукашэнка будзе працягваць рэалізоўваць такую палітыку, калі нашы грамадзяне вымушаныя выяжджаць на заробкі за мяжу, а сюды прывозяць паўночных карэйцаў, кітайцаў і іншых, то рана ці позна акцыі пратэсту, якія мы назіраем у Расеі, будуць і тут».

У Маскве ў раёне Бірулёва масавыя непарадкі і пагромы пачаліся пасьля забойства мясцовага жыхара Ягора Шчарбакова. Мяркуецца, што забойства ўчыніў чалавек неславянскай зьнешнасьці.

Радыкальна настроеныя ўдзельнікі акцыі перакульвалі машыны, грамілі крамы і выкрыквалі нацыяналістычныя лёзунгі. Паводле дадзеных МУС, падчас беспарадкаў паранены паліцыянт.

Затрымана 200 чалавек. На загад міністра ўнутраных спраў Уладзімера Калакольцава ўведзены плян «Вулькан», увесь асабісты склад узьняты па трывозе. Пра гэта паведамляе прэсавы цэнтар МУС Расеі.

Між тым Лукашэнка 11 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў паведаміў, што Беларусь гатовая прыняць на сталае месца жыхарства 10 мільёнаў чалавек.

«Самая вялікая праблема ў нас — нават ня грошы (хоць зь імі заўжды ёсьць праблемы ў гэтым вэрхале, гэтай рынкавай эканоміцы), а людзі. На нашу тэрыторыю не хапае як мінімум столькі чалавек, колькі ў нас жыве: нам трэба не 10 мільёнаў чалавек, а 20 мільёнаў.

Мы зможам іх лёгка пракарміць. Але і яны будуць працаваць і яшчэ большы аб’ём прадукцыі вырабляць. Калі расейскі чалавек, расіянін захоча да нас прыехаць зь любога рэгіёна, сардэчна запрашаем, мы будзем толькі вітаць».

Праблема міграцыі ў Беларусі пакуль не стаіць — перакананыя нашыя экспэрты. Нягледзячы на пляны ўраду прыцягнуць у Беларусь то 650 тысяч кітайскіх рабочых, то спэцыялістаў з Банглядэш, на дадзены момант крытычнай масы колькасьць такіх рабочых не дасягнула.

Дазволаў на працу замежным грамадзянам выдаецца некалькі тысяч на год. Да прыкладу, сёлета ў першым паўгодзьдзі — каля шасьці тысяч. Едуць у Беларусьс працаваць з Кітаю, Украіны, Турэччыны, Узбэкістану.

У Расеі ж, паводле дадзеных міграцыйнай службы, у кастрычніку 2013 году было зарэгістравана больш як 11 мільёнаў замежных грамадзянаў. Парушэньне іміграцыйнага заканадаўства фіксавалася два мільёны разоў. 30 тысяч мігрантаў дэпартавалі з краіны.

Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк

«У аснове падзеяў у Бірулёве — пачуцьцё несправядлівасьці, — перакананы палітоляг Сяргей Нікалюк. — А ўжо на гэта накладаюцца іншыя праблемы, як, напрыклад, праблема мігрантаў.

«Нягледзячы на адзіную прыроду аўтарытарызму ў Расеі і Беларусі, ёсьць істотныя адрозьненьні. І галоўнае ў тым, што ў Расеі адбылося істотнае расслаеньне насельніцтва па прыбытках. Ёсьць такі паказьнік, дэцыльны каэфіцыент — гэта суадносіны прыбыткаў 10% самых забясьпечаных да 10% самых незабясьпечаных. У Расеі ён афіцыйна недзе каля 17. Гэта вельмі шмат. А незалежныя спэцыялісты называюць значна больш. У Беларусі гэты каэфіцыент — каля 6. Гэта добры эўрапейскі ўзровень».

Нікалюк тлумачыць, што такі балянс дасягаецца дзякуючы дзеяньням вэртыкалі ўлады. Менавіта яна кантралюе працэс разьмеркаваньня прыбыткаў.

Алена Арцеменка

Алена Арцеменка

«Справа не ў мэнталітэце, — перакананая і сацыёляг БІСД Алена Арцёменка. — Калі паміж насельніцтвам і нейкай меншынёй узьнікне канкурэнцыя за рэсурсы, — тады і адбудзецца канфлікт».

На думку Алены, цяпер сытуацыя з працоўнымі мігрантамі ў Беларусі нашмат лепшая, чым у Расеі: іх правы забясьпечваюцца, і напружанасьці зь іхнага боку павінна быць меней. Да таго ж у нас ёсьць палітычная воля — ідзе барацьба з гандлем людзьмі і ўмовы працы мігрантаў кантралююцца.

«Мы проста бедныя, — кажа Сяргей Нікалюк, — і таму да нас, у адрозьненьне ад Расеі, ня едуць».

Сеціва разрываюць дыскусіі: ці слушна зрабілі бірулёўцы, разграміўшы базу гародніны? Хтосьці ўголас радуецца росту папулярнасьці гранічна правага Нацыянальнага фронту ў Францыі, дзе праблема мігрантаў і пагромаў стаіць надзвычай востра. А сёлета ў траўні мігранцкія пагромы страсянулі сапраўдную сталіцу талерантнасьці — Стакгольм.

Блогер Аляксандар Рагачоў, які жыве ў Швэцыі, кажа, што гэтыя сытуацыі нельга параўноўваць і што расейскія грамадзяне паводзяць сябе надзвычай нецывілізавана.

«Тое, што адбываецца, не характарызуе расейскае грамадзтва як здаровае ці сьпелае. Усё гэта вельмі нецывілізавана. Грамадзтва павінна ўплываць на сваю ўладу, а не на таго, хто жыве побач».

«Швэды не выходзяць і не пачынаюць граміць сваю маёмасьць, — тлумачыць
Швэды не выходзяць і не пачынаюць граміць сваю маёмасьць
Рагачоў. — Гэта рабілі таксама мігранты. Гэта недахоп іхнай культуры і адукацыі. Было некалькі выпадкаў, калі падчас падзеяў у Стакгольме зьбіраліся ўльтраправыя, але толькі дзеля таго, каб абараніць гэтую самую маёмасьць».

Камэнтуючы дыскусіі ў сацыяльных сетках, Аляксандар кажа, што беларусы таксама досыць ксэнафобная нацыя, але ж ніколі ня будуць гэтага выяўляць. Бо за сваю гісторыю звыкліся жыць побач зь іншымі нацыянальнасьцямі.

«Але калі Беларусь усё больш будзе ўцягвацца ў расейскую арбіту, то і мы дасягнем такіх жа «посьпехаў» у ксэнафобіі, — падсумоўвае блогер Ra_Ha_Chou.

Затое ў Беларусі магутны адток працоўнага насельніцтва. Паводле дадзеных НІСЭПД, у кожнай чацьвёртай сям’і ёсьць сваяк, які працуе за мяжой, пераважна ў Расеі.

"Мы хочам мець магчымасьць свабодна выяжджаць, — кажа Нікалюк. — Значыць, мусім быць гатовыя да таго, што і да нас нехта прыедзе. Ніхто ня ведае, як беларусы будуць рэагаваць на прыток мігрантаў, бо мы яшчэ з гэтым не сутыкаліся. Пакуль нацыянальнага канфлікту няма. І прэзыдэнт сказаў абсалютна слушна, што ў нас няма ані міжнацыянальных, ані міжканфэсійных канфліктаў. Але гэта ня значыць, што яго ня будзе. Як павядуць сябе беларусы ў крытычнай сытуацыі, прадказаць немагчыма.

Але глябальна мы да гэтага ідзем. Сыстэма свой пік прайшла ў 2006 годзе. З таго моманту мы паступова зьніжаемся. Праблема 2011 году нарадзілася не на пустым месцы, яна ўзьнікла, бо ў самой мадэлі няма рэсурсаў, каб забясьпечыць рост заробкаў і так далей. Ува што гэта выльецца, я прадказаць не магу, бо не Настрадамус. Але ідзем мы ў гэтым кірунку.
XS
SM
MD
LG