Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у справе «Белнафтахіма» сьлед Юрыя Чыжа?


Юры Чыж

Юры Чыж

Паводле Сьледчага камітэту, намесьнік старшыні «Белнафтахіма» Ўладзімер Волкаў і бізнэсовец Аляксей Алексін застаюцца падазронымі ў справе аб хабарніцтве. Тым часам маці бізнэсоўца Дзьмітрыя Алексіна абвяргае зьвесткі пра датычнасьць сямейнага бізнэсу да бізнэс-імпэрыі Юрыя Чыжа.

Намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў застаецца падазроным у атрыманьні хабару, афіцыйнага абвінавачаньня яму яшчэ ня выставілі. Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце. Не зьмяніўся і статус бізнэсоўца Аляксея Алексіна, які таксама быў затрыманы паводле справы «Белнафтахіма». Іншых фігурантаў справы «Белнафтахіма» ў Сьледчым камітэце не назвалі.

Пра затрыманьне Аляксея Алексіна стала вядома 11 кастрычніка пасьля словаў Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманьне «шлейфу саўдзельнікаў Уладзімера Волкава». Аляксей Алексін у паведамленьнях СК названы заснавальнікам прадпрыемстваў, якія займаюцца пастаўкамі нафты. Незалежныя мэдыі да таго ж шмат напісалі пра тое, што Аляксей Алексін нібыта быў адным з тых, хто працаваў дзеля інтарэсаў алігарха Юрыя Чыжа.

Між тым спачатку ў інтэрнэце распаўсюдзілі памылковыя зьвесткі пра тое, што ў справе Волкава затрыманы Дзьмітрый Алексін, сын Аляксея Алексіна. Ці сапраўды той ніколі не займаўся нафтавым бізнэсам? Маці Дзьмітрыя Алексіна Іна, дырэктарка рэстарану «Сябры», заявіла пра гэта «Свабодзе» 11 кастрычніка:

Якая нафта?! Хто яму даверыць займацца нафтай, калі яму яшчэ толькі будзе 26 гадоў
«Яму колькі гадоў? Якая нафта?! Хто яму даверыць займацца нафтай, калі яму яшчэ толькі будзе 26 гадоў. Тое, што ён здымаўся ў кліпе групы „Цяні-Талкай“ — гэта так, у яго зь імі свае сувязі. А далей што там пішуць... Мы да гэтага ўжо пачынаем прызвычайвацца, але больш вы нас не турбуйце».

Таксама Іна Алексіна ў той размове абвергла зьвесткі, паводле якіх рэстаран і база адпачынку «Сябры» належаць фірме «Трайпл-энэрга» беларускага алігарха Юрыя Чыжа:

«Здаецца, у «Трайпла» заўсёды былі «Бровар», «Лагойск», паводле маіх зьвестак, «Гребешок», але ніяк не «Сябры».

Пра тое, што Дзьмітрый Алексін і ягоная маці Іна Алексіна маюць кожны па 40% акцыяў фірмы «Неанафта», а таксама латвійскага прадпрыемства па вытворчасьці біяпаліва Mamas D і бровару Latgales Alus D, паведаміў шэраг беларускіх крыніцаў, у тым ліку TUT.BY, belbeer.com ды іншыя. Паводле экспэртаў інтэрнэт-рэсурсу «Заўтра тваёй краіны», бізнэсмэн Дзьмітрый Алексін, які прадстаўляе фірму Mamas D , апынуўся на пятым радку ў топ-15 самых пасьпяховых бізнэс-праектаў беларускага капіталу ў краінах Балтыі. Гэта зьвесткі яшчэ красавіка 2013 году.

Латвійскі рэсурс delfi.lv таксама напісаў пра грамадзян Беларусі Дзьмітрыя Алексіна і Іну Алексіну, у якіх аказаліся роўныя долі капіталу фірмы Mamas D, што раней належалі «Неанафце» Юрыя Чыжа. У прыватнасьці, цытуюцца словы спадара Алексіна бізнэс-парталу Nozare.lv пра дзейнасьць прадпрыемства:

«У нас няма нічога агульнага зь якімі-небудзь санкцыямі. Тое, што пішуць у прэсе, — гэта трызьненьне. Нас цікавіць толькі бізнэс, ніякай палітыкі. Мы ўжо некалькі разоў пабывалі на латвійскім прадпрыемстве і бачым вялікія пэрспэктывы разьвіцьця».

Усё ж ці займаюцца Дзьмітрый Алексін і ягоная маці Іна Алексіна нафтавым бізнэсам, ці сапраўды ім належаць па 40% акцыяў «Неанафты» ды яе даччыных фірмаў?

Сёньня, 14 кастрычніка, пагаварыць зь Інай Алексінай на гэтую тэму другім разам карэспандэнту «Свабоды» пакуль не ўдалося. Дзьмітрый Алексін на сувязь з журналістамі таксама не выходзіць.

Варта сказаць, што Mamas D па выніках 2011 году стала адной з самых хуткарослых па абароту кампаній Латвіі. У такой сытуацыі пазбаўляцца курыцы, якая нясе залатыя яйкі, было б нелягічна. Паводле інфармацыі TUT.BY, маці і сын Алексіны кіруюць (ці кіравалі да нядаўніх часоў) базай адпачынку «Сябры», якая таксама ўваходзіць у склад групы кампаніяў «Трайпл».

Паводле рэсурсу belbeer.com, беларускі алігарх Юры Чыж з-за санкцыяў Эўразьвязу мусіў згарнуць бізнэс у Латвіі пад сваім імем ды перадаць актывы фірмы «Неанафта» Дзьмітрыю Алексіну (40% капіталу), Іне Алексінай (таксама 40%) і бізнэсоўцу з Даўгаўпілса Аляксандру Грахоўскаму (20%). Менавіта гэтак Алексіны нібыта сталі саўладальнікамі прадпрыемства па вытворчасьці біяпаліва Mamas D і бровара Latgales Alus D.
XS
SM
MD
LG