Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг: «Нелегальная міграцыя выгадная бізнэсу, чыноўнікам і міліцыянтам»


Дзяніс Волкаў
Дзяніс Волкаў

«Пратэсты накшталт Бірулёва будуць паўтарацца, — лічыць сацыёляг расейскага «Левада-цэнтру» Дзяніс Волкаў.

У Маскве ў раёне Бірулёва масавыя непарадкі і пагромы пачаліся пасьля забойства мясцовага жыхара Ягора Шчарбакова. Мяркуецца, што забойства ўчыніў чалавек неславянскай зьнешнасьці. Пратэстоўцы перакульвалі машыны, грамілі крамы і выкрыквалі нацыяналістычныя лёзунгі. Паліцыя затрымала каля 380 чалавек. 70 зь іх пойдуць пад суд.

Дзяніс Волкаў: Падобныя пратэсты ўжо былі на Манежнай плошчы ў 2010 годзе, а таксама ў Кандапозе, у Пугачове. Мы бачым, што гэта ня нешта выключнае, а сэрыя масавых канфліктаў, у якіх нібыта прысутнічае этнічная праблема. Вядома, ёсьць жаданьне патлумачыць гэта нейкім нацыяналізмам, але прычыны нашмат глыбейшыя.

Калі нелегальная міграцыя ёсьць, то яна выгадная і расейскаму бізнэсу, і чыноўнікам, і міліцыі, якія ўсе на гэтым зарабляюць. Вельмі часта побытавыя канфлікты, зьвязаныя са спрэчкай, робяцца толькі нагодай для выяўленьня масавай агрэсіі і нэгатыўнай салідарнасьці.

Калі браць па іншых прыкладах, то мэханізм такіх пратэстаў дзейнічае наступным чынам. Ёсьць напружаньне, якое назьбіралася вакол розных пытаньняў — найперш гэта трывога наконт будучыні, няўпэўненасьць у жыцьцёвых пэрспэктывах. І ёсьць патэнцыял гэтых адкрытых канфліктаў, якія могуць узьнікаць з розных прычын: альбо забойствы, альбо спрэчкі, альбо фальсыфікацыі на выбарах. Я ня буду падзяляць гэты патэнцыял на грамадзянскі ці неграмадзянскі, бо ёсьць агульны патэнцыял канфліктнасьці ў грамадзтве і розныя падзеі робяцца нагодай для выяўленьня альбо салідарнага, грамадзянскага пратэсту, альбо вось такога антыграмадзянскага пратэсту.

Адбываецца нейкі канфлікт, і да яго адразу падлучаюцца групы, напрыклад нацыяналістычныя, якія адразу пачынаюць інтэрпрэтаваць яго ў тэрмінах, важных менавіта ім. Канфлікт разрастаецца.

Хоць гэтая сытуацыя ня чыста маскоўская, характэрная шмат для якіх гарадоў, але мне здаецца, што гэта ня проста так цяпер адбылося менавіта ў Маскве. На нядаўніх выбарах мэра гэтая тэма ўздымалася і нагняталася. Наўпрост гэтага ніхто не хацеў, вядома, але залішняя дэмагогія і папулізм у нацыяналістычных пытаньнях не прайшлі дарма. Усе кандыдаты (у мэры Масквы — Рэд.) адтапталіся на гэтым — ад Навальнага да Мітрохіна і Сабяніна.

Сапраўды, у Маскве праблема міграцыі і нелегальнай міграцыі — адна з самых вострых. Недзе пасярод выбарчай кампаніі мы праводзілі апытаньне і пабачылі, што яна выйшла на першае месца: 55% масквічоў адзначалі гэта як галоўную праблему, якая іх хвалюе. Нават не эканамічныя праблемы, а менавіта міграцыя. Лічу, што фактар палітычнай дэмагогіі згуляў у гэтым сваю ролю.

Часткова пытаньне яшчэ ў тым, што тыя, хто закліканыя вырашаць гэтую праблему, не спрабуюць разабрацца ў яе складанасьці. Ня бачаць таго, што шмат якія людзі зацікаўленыя ў нелегальнай міграцыі і спрыяюць ёй. А самі мігранты — гэта толькі зьвяно, і то ня самае галоўнае.

Што да міграцыі зь іншых краінаў, найбольшую трывогу выклікаюць выхадцы зь Сярэдняй Азіі, Каўказу, хоць Каўказ — частка Расейскай Фэдэрацыі. Я думаю, што найперш гэта зьвязана з тым, што гэтых людзей проста добра відаць. А вось украінцаў, беларусаў, хоць іх таксама даволі шмат у Расеі, цяжка адрозьніць ад расейцаў. Да таго ж гэта іншая культура, яны па-іншаму сябе паводзяць, вельмі часта ня ведаюць расейскай мовы. І вось замест таго, каб вырашаць праблемы інтэграцыі мігрантаў і праблемы карупцыі, якая спрыяе нелегальнай міграцыі, палітыкі абмяжоўваюцца дэмагогіяй, якая не вядзе да разуменьня і разьвязаньня праблемы, а нагнятае яе.

Цяпер пратэстны патэнцыял хутчэй расьце, чым зьнікае. Ніколі нельга прадказаць, дзе менавіта адбудзецца чарговы такі ўсплёск і што стане яго прычынай, але пратэстаў такога характару можна чакаць, і яны будуць паўтарацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG