Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль: Эўразійская інтэграцыя Беларусі скончыцца пасьля падзеньня Лукашэнкі


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

Аляксандар Лукашэнка сёньня назваў адным з прыярытэтаў зьнешняй палітыкі Беларусі разьвіцьцё эўразійскай інтэграцыі. Палітоляг Аляксей Кароль лічыць гэтую інтэграцыю небясьпечнай для беларускай дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка, адкрываючы сёньня нараду па пытаньнях падрыхтоўкі і правядзеньня саміту лідэраў краін СНД, які заплянаваны на 24–25 кастрычніка ў Менску, заявіў:

«Хачу падкрэсьліць, што для нас разьвіцьцё эўразійскай інтэграцыі зьяўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у дзяржаўнай зьнешняй палітыцы».

У рамках менскага саміту СНД 24 кастрычніка пройдзе трохбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расеі, на якой будзе прадстаўлены праект дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага зьвязу, падрыхтаваны МЗС трох краін. Такім чынам, бліжэйшымі днямі будзе зроблены чарговы крок да рэалізацыі ідэі Ўладзімера Пуціна, які хоча замацаваць дамінаваньне Расеі на постсавецкай прасторы.

Зьнешняя палітыка Беларусі цяпер вызначаецца Расеяй. Лукашэнка вымушаны гэта прымаць, таму што знаходзіцца ў матэрыяльнай, фінансавай залежнасьці ад Крамля
Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што ўжо цяпер Беларусь страціла самастойнасьць у зьнешняй палітыцы, а Эўразійскі зьвяз будзе весьці да далейшага пераўтварэньня краіны ў расейскага сатэліта:

«Зьнешняя палітыка Беларусі цяпер вызначаецца Расеяй, і гэта будзе яшчэ адзін крок у гэтым небясьпечным кірунку. Лукашэнка вымушаны гэта прымаць, таму што знаходзіцца ў матэрыяльнай, фінансавай залежнасьці ад Крамля. Гэты Эўразійскі зьвяз нясе ў сабе вялікі нэгатыў, бо ён абразае сувэрэнітэт Беларусі і яе магчымасьці ўплываць нейкім чынам на міжнародную палітыку. Як суб’ект міжнароднай палітыкі Беларусь ужо адсутнічае ў міжнароднай прасторы».

У дыскусіі паміж Астаной, Менскам і Масквою наконт Эўразійскага зьвязу Казахстан настаяў на назьве «Эўразійскі эканамічны зьвяз», бо Нурсултан Назарбаеў хоча абмежаваць так званую эўразійскую інтэграцыю эканомікай.

«Магчыма, Казахстану гэта і ўдасца. Для Беларусі гэта немагчыма паводле структуры эканомікі. Для Беларусі новы зьвяз будзе азначаць палітычную залежнасьць. І нават гэтая калійная вайна, на мой погляд, толькі адзін эпізод у рэалізацыі плянаў Пуціна ўмацаваць сваю ўладу ў межах Эўразійскага зьвязу», — перакананы Аляксей Кароль.

Тым ня меней палітоляг думае, што Беларусь зможа вырвацца з путаў «эўразійскай інтэграцыі».

«Гэта непазьбежна, дзякуючы таму, што Беларусь адбылася як дзяржава. У сыстэме сучасных міжнародных адносін Расеі немагчыма ператварыць яе ў сваю губэрню. У гэтым наш гістарычны шанец. Эўразійская інтэграцыя Беларусі скончыцца з крахам рэжыму Лукашэнкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG