Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ясіра Арафата маглі атруціць палёніем-210, — паказала экспэртыза


Ясір Арафат

Ясір Арафат

Былы палестынскі лідэр Ясір Арафат, які памёр у 2004 годзе мог быць атручаны радыеактыўным палёніем-210, гаворыцца ў дасьледаваньні, апублікаваным ў мэдычным часопісе Lancet.

Прааналізаваўшы пробы, узятыя з асабістых рэчаў Арафата, швайцарскія навукоўцы выявілі ў іх высокі ўзровень радыяцыі — у прыватнасьці, у крыві, мачы, сьліне, плямах на вопратцы і на зубной шчотцы.

Экспэртыза была праведзеная ва ўнівэрсытэце ў Лазане пасьля сьцьвярджэньняў тэлеканалу Al-Jazeera пра тое, што Арафат быў атручаны.

Ясір Арафат — экс-прэзыдэнт Палестынскай Аўтаноміі, змагаўся за яе незалежнасьць, адзін з самых вядомых радыкальных палітычных дзеячаў. Арафат памёр у лістападзе 2004 года ва ўзросьце 75 гадоў у ваенным шпіталі Пэрсі пад Парыжам ад «сур’ёзнай хваробы». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай сьмерці Арафата стаў цыроз пячонкі. Палестынскія крыніцы ня раз абвінавачвалі ў сьмерці Арафата Ізраіль.

Самая вядомая ахвяра радыеактыўнага палёнію-210 — Аляксандар Літвіненка. Уцякач у Вялікабрытанію ў 2000 годзе, былы супрацоўнік ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка памёр у лістападзе 2006 году. Пасьля сьмерці ў яго арганізме быў знойдзены радыеактыўны элемэнт палёній-210. Пры гэтым афіцыйнае мэдычнае заключэньне аб прычынах сьмерці Літвіненкі да гэтага часу не апублікавана. Паводле вэрсіі Вялікабрытаніі, галоўны падазраваны ў яго забойстве — Андрэй Лугавы, які зьяўляецца цяпер дэпутатам Дзярждумы. Сам Лугавы настойвае на сваёй невінаватасьці.
XS
SM
MD
LG