Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Індыі маштабная эвакуацыя з-за цыклёна


Больш за 400 тысяч чалавек эвакуіраваны з прыбярэжных раёнаў на ўсходзе Індыі ў бясьпечныя месцы з-за набліжэньня цыклёна " Файлін".

У цяперашні час ён прасоўваецца над Бэнгальскім залівам і, згодна з прагнозам, дасягне сушы ў раёне штатаў Адзіша і Андхра Прадэш вечарам у суботу.

Па дадзеных мясцовага дэпартамэнту мэтэаралёгіі, хуткасьць ветру дасягае 220 кілямэтраў у гадзіну. Экспэрты Цэнтра папярэджаньня тайфунаў ВМС ЗША ў Ганалулу кажуць, што яна можа ўзрасьці да 315 км/г.

Па клясыфікацыі лёнданскага Цэнтра вывучэньня трапічных штормаў " Файлін" адносіцца да вышэйшай, пятай катэгорыі.

Стыхія прынясе залевы і трохмэтровыя хвалі.

Аналягічнае стыхійнае бедзтва ў 1999 годзе загубіла ў штаце Адзіша больш за 10 тысяч чалавек, але цяпер улады падрыхтаваліся лепш. На ўзьбярэжжы ніводзін чалавек не застанецца ў глінабітных і саламяных дамах" , - заявіў кіраўнік ведамства па надзвычайных сытуацыях Нарайяна Патры, паведамляе ВВС.

Воінскія часткі прыведзены ў гатоўнасьць. Назапашана вялікая колькасьць харчовых паек, каб скідаць іх з верталётаў у зоне бедзтва. Створаны часовыя прытулкі.

Улады заклікаюць рыбакоў не выходзіць у мора. Улады запэўніваюць , што падрыхтаваныя да сустрэчы стыхіі значна лепш, чым у 1999 годзе.

Тысячы чалавек ужо знаходзяцца ў сховішчах. У пэрыяд з красавіка па лістапад выкліканыя цыклёнамі штормы — звычайная зьява на ўсходнім узьбярэжжы Індыі і ў Бангладэш.
XS
SM
MD
LG