Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаградаў: «Выкінулі ў лесе без матузкоў, паса і тэлефона»


Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Паўла Вінаградава пасьля адбыцьця 15-сутачнага арышту міліцыянты вывезьлі ў лес каля пасёлка Сокал. Высадзілі з машыны на прасёлачнай дарозе роўна ў 13:10 — у час ягонага вызваленьня. Сябры, сваякі і два дзясяткі міліцыянтаў у гэты час стаялі пад сьценамі Акрэсьціна, чакаючы, як Павал выйдзе з ізалятара.

Вінаградаў: «Прыехалі па мяне два супрацоўнікі Маскоўскага РУУС і адзін супрацоўнік ЦІУ. Утраіх павезьлі мяне ў лес на прасёлачную дарогу каля пасёлка Сокал. У 13:10 высадзілі з машыны, сказалі: ідзі. Ані тэлефона, ані матузкоў, ані паса, ані грошай — нічога ў мяне не было».

На спадарожным аўтамабілі Павал дабраўся да Сокала. Кіроўцу шчыра апавёў, што ў лесе яго пакінулі міліцыянты. Мужчыну, кажа Павал, гэта зусім не зьдзівіла.

«Ад Акрэсьціна да Сокала давезьлі, — дзівіцца Павал, — дзяржава на мяне ані грошай, ані часу не шкадуе! Дзякуй ёй за гэта!»

Прозьвішчаў міліцыянтаў Павал пакуль ня ведае, але абяцае, што абавязкова даведаецца. «Зрабілі гэта альбо таму, што я такі „злосны апазыцыянэр“, — сьмяецца Павал, — альбо каб пад сьценамі Акрэсьціна не было аніякай „дзьвіжухі“. Бо мяне сёньня там яшчэ 20-25 міліцыянтаў „сустракала“».

Вінаградаў апавядае, што ўмовы ўтрыманьня былі звычайныя: «Адносна сьветла, адносна цёпла. Ляжаў — адпачываў. Адзінае, мне падавалася, што са мною сядзіць чалавек, які мяне ўважліва слухае».

«Я стаў зьлейшы, мяне гэта разьюшыла, — падсумоўвае Павал. — Буду ваяваць! Глядзіце інтэрнэт!»

Паўла Вінаградава прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі з удзелам «сьвіных» галоў на плошчы Якуба Коласа.
Акцыя зь сьвінымі галовамі, за якую пакаралі Паўла Вінаградава

Акцыя зь сьвінымі галовамі, за якую пакаралі Паўла Вінаградава

XS
SM
MD
LG