Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч: «Узаемадапамога — галоўны здабытак пасьля 2010 году»


Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч даслаў дамоў першы пасьля сваіх трыццатых угодкаў ліст.

Вядома, што ў той дзень, калі Ігару споўнілася 30 гадоў, яго пакаралі карцэрам нібыта за няяўку на працу.

Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч, прачытаўшы апошні ліст сына, мяркуе, што ён пасьпеў напісаць ліст яшчэ да таго, як пайшоў у карцэр. Маці адзначае, што ён думаў ня толькі пра сябе, але і пра іншых палітвязьняў, у прыватнасьці пра актывіста Аляксандра Малчанава, які пасьля выхаду з калёніі аказаўся ў цяжкай сытуацыі, але не застаўся без падтрымкі сяброў і аднадумцаў. Вось якую цытату Валянціна Аліневіч прачытала для Свабоды:

«Сапраўдны патэнцыял чалавека мабілізуецца толькі ў экстрэмальных умовах. Кожнаму карысна пажыць „на прыродзе“. Вось з такімі думкамі сустракаю новыя далягляды. А за Малчанава я рады ў тым пляне, што ў бядзе яму адразу дапамаглі. Такая ўзаемнасьць — галоўны здабытак для грамадзтва ва ўсёй гісторыі з 2010 году. У выніку падтрымка і салідарнасьць аказваюцца найлепшым пацьвярджэньнем праўды і сілы нашай справы. У вачах шмат каго зь людзей гэта вельмі моцныя аргумэнты. Таму што ў сёньняшні час разьмежаваньня і маркоты мала што здольнае аб’яднаць і напоўніць аптымізмам».

Ігар Аліневіч суджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нападзе на афіцыйныя будынкі. У судзе сваёй віны не прызнаў. Трымаюць палітвязьня ў наваполацкай калёніі, якая лічыцца адной з найгоршых паводле экалягічных умоваў.
XS
SM
MD
LG