Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых беларусаў, якім не хапіла месцаў на матч з Гішпаніяй, будуць судзіць

абноўлена

Фанаты зборнай Беларусі
Фанаты зборнай Беларусі
Гішпанская паліцыя затрымала некалькі заўзятараў зборнай Беларусі, піша сайт Goals.by са спасылкай на Belultras.by.

Затрыманьні пачаліся пасьля таго, як 100–120 чалавек спрабавалі праз турнікеты прарвацца на трыбуны.

Таксама адзначаецца, што паліцыя дзейнічала вельмі жорстка: дубінкамі білі нават дзяўчат. Сёньня над затрыманымі беларускімі заўзятарамі павінен адбыцца суд.

Многім беларускім заўзятарам, якія прыехалі ў Гішпанію, не хапіла квіткоў. У сувязі з гэтым, частка заўзятараў глядзела матч у барах, дзе, як мяркуецца, таксама былі затрыманьні.

Рэсурс «Белультрас» зьмясьціў тлумачэньне спэцыяліста па працы з заўзятарамі БФФ Ігара Бяльковіча наконт сытуацыі з затрыманымі беларускімі фанамі ў Гішпаніі:

«Збольшага, гэта мой касяк, што квіткі не былі замоўленыя... Я рэальна ня ведаў нават прыкладнай лічбы „выяздоўцаў“, каб прыйсьці і сказаць, вось гэтыя жалезна едуць, ім трэба квіткі. У нас усе заўжды лічаць, што ім нічыя дапамога ня трэба, самі разруляць (і ў прынцыпе заўжды разрульвалі, сам праз такое праходзіў), але калі намалявалася „дупа“, то ўсе рэзка згадалі пра фэдэрацыю, і што яна нічога не зрабіла. Толькі перад выездам мне ад сілы чалавек 5 тэлефанавалі, пыталіся пра квіткі, і я казаў, што будуць на месцы. За гэта сорамна, як у прынцыпе і за ўсю сытуацыю. Праўда, каму мой сорам трэба..

І апошняе: тое, што там некага затрымалі, гэта кепска. Але наколькі ведаю (магу памыляцца), пэўная частка „выяздоўцаў“ вырашыла ў помсту фэдэрацыі параўняць зь зямлёй Пальму. Мяркуючы па фота, ня вельмі атрымалася.

Гэта сытуацыя як ёсьць. Я ня ведаю, што зараз будуць разьдзімаць мэдыі і казаць афіцыйныя асобы...»

Радыё Свабода патэлефанавала аднаму зь беларускіх заўзятараў, які прыехаў на матч у Гішпанію:

«Нашая фэдэрацыя не забраніравала квіткі. Вось і ўсё. Мы за два месяцы пыталіся ў Федэрацыі. Яны казалі: квіткі будуць забраніраваныя ў тыкет-офісе на гішпанскім стадыёне. Прыехала шмат народу — чалавек 150. Ну і тыя, хто ніяк квіткі не здабыў, сабраліся і падумалі: «Ну што рабіць? Хоць неяк трапіць на стадыён ці ўвагу на сябе зьвярнуць. Ну і паспрабавалі туды прарвацца. Наколькі ведаю, ніякай жахлівай сутычкі не было».

Па словах заўзятара, паліцыя адрэагавала адэкватна. Затрымалі 3-4 чалавекі. «Думаю, што зь імі нічога ня будзе, дадуць штраф і адпусьцяць, — мяркуе наш суразмоўца. — А федэрацыя ніяк не дапамагала. Ёй каб заўзятараў не было, то было б і лепш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG