Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга «Сабачыя гісторыі» Віктара Шніпа



Пра выхад кнігі пісьменьнік напісаў у сваім фэйсбуку.

«Cёньня ў Сабакі і Граждана сьвята. Добрыя людзі зрабілі кнігу „Сабачыя гісторыі“. У ёй усе „Сабачыя гісторыі“, што ў свой час друкаваліся толькі ў „Нашай Ніве“. У кнізе гісторыі пададзены ў той пасьлядоўнасьці і рэдакцыі, як былі ў штотыднёвіку ў 1996–2002, 2006 гадах...» — піша Віктар Шніп.


Прапануем некалькі гісторыяў, апублікаваных у 1996-2002 гг

У аднаго Сабакі завяліся блохі. Што ён толькі ні рабіў, каб іх пазбыцца — і ўсё дарэмна. Адна сьвіньня параіла: «А ты залезь у балота». Залез Сабака ў калюгу пасярод вуліцы. Сядзіць, лечыцца. Ехаў на трактары Граждан і пераехаў Сабаку.

У аднаго Сабакі была пятая нага. Лішняя. Пайшоў Сабака да Граждана і кажа: «Зрабі колькі трэба». А Граждан і сам ня ведае колькі ў Сабакі павінна быць ног. І ён спачатку адрэзаў адну. Падумаўшы, другую. Пасьля трэцюю. Нарэзаў цэлую кучу ног. Стаіць над Сабакам Граждан зь пілой і мармыча: «Вот и все что было. Ты как хочешь это назови...»

Адзін Сабака надумаў пераплыць мора. Заляпіў сабе вушы, нос, рот. Кінуўся ў ваду і патануў. Убачыў гэтую бяду Граждан, выцягнуў Сабаку на бераг. Агледзіў і кажа: «Дзіва што патануў — ня ўсе ж дзюркі заткнутыя».

Адзін Сабака купіў машыну. Едзе па горадзе. Радуецца, гаўкае праз адчыненае вакно. А тут міліцыянт спыніў, пытаецца: «Чаму ты, Сабака, езьдзіш на машыне?» А Сабака не разгубіўся: «А няўжо я горшы за Гражданоў...»

Адзін Сабака захацеў стаць паэтам. Напісаў верш і прыйшоў у Саюз пісьменьнікаў і заяўляе: «Хачу стаць паэтам!» А Граждан яму і кажа: «Станавіся!»

Адзін Сабака захацеў стаць рыбаром. Узяў у зубы палку, прыйшоў да ракі і ўсунуў яе ў ваду. Стаіць з палкай у зубах і чакае пакуль што зловіцца. Стаяў дзень, два, тыдзень, месяц. І ўзяў і здох.

Аднаму Сабаку прысьніўся генэральскі сон. Ідзе Сабака па горадзе. На шыі мэдалі, на вушах пагоны. А тут кот прабег. І кінуўся Сабака за ім усьлед. Пагубляў і мэдалі, і пагоны, але ката так і не дагнаў. Прачнуўся Сабака. Сумна стала яму, што хоць ты ідзі і павесься. І пайшоў Сабака і павесіўся.

Аднаго Сабаку пасадзілі ў турму. Сядзіць у турме, плача. А побач Гражданы глядзяць на яго, дзівяцца: «Такі вялікі, а паводзіш сябе, як дзіцё.» А Сабака і кажа: «А няўжо, калі плакаць, дык ня выпусцяць?»

Адзін Сабака купіў тэлевізар. Уключыў. Глядзіць. А там другі Сабака нешта брэша. Сабака слухаў, слухаў яго і давай брахаць у адказ. І так разбрахаўся, што зьбегліся Гражданы. Пытаюцца: «Што здарылася?» А Сабака ім у адказ: «Просто встретились два одиночества...»

Бег адзін Сабака праз плошчу. І тут перастрэў яго адзін Граждан і пачапіў Сабаку мэдаль. Сабака разгубіўся, але спытаўся: «За што мне мэдаль?» «А за тое, што ты Граждан!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG