Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончыўся чарговы сэанс палітычнага гіпнозу для расейскай аўдыторыі. Як вядома, падобны жанр палітычнага мастацтва мае сэнс і дае эфэкт толькі пры ўмове, калі сабралася публіка, якая паддаецца гіпнозу. Не выклікае сумневу, што падбору ўдзельнікаў гэтага больш як пяцігадзіннага шоў аддавалася значная ўвага.

Прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў праходзяць звычайна па адной і той жа схеме. Галоўная яе ідэя — як добра ў Беларусі ў параўнаньні з Расеяй.

Паводле Лукашэнкі, менавіта РФ тармозіць будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Назарбаеў і Пуцін кінулі Беларусь на зьядзеньне Захаду, вядуць зь ім перамовы за плячыма Менску. Маўляў, што ж гэта за саюзьнікі?

Яму задаюць пытаньне: чаму ж бліжэйшы саюзьнік не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Дык Расея сама вінаватая, Мядзьведзеў не заплаціў адпаведны кошт (!).

У Беларусі так добра, што расейцы сюды едуць, у аграгарадкі валам валяць. У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі амаль няма карупцыі. Бо ў РФ ёй патураюць.

І каб даць паказальны ўрок расейцам, магчыма, адмыслова да гэтай прэсавай канфэрэнцыі ня выпусьцілі Баўмгертнэра. Бо патрэбна была жывая ілюстрацыя для балючай расейскай тэмы, якую льга назваць так: народ і алігархі. Каб мацней ударыць у найбольш балючае месца расейскай душы.

І тут ня раз за пяць з паловай гадзін усплывалі аргумэнты, якія можна зьвесьці пад рубрыку: калі б Пуціным быў я!

«Я б пытаньне з „Уралкаліем“ за дзень вырашыў, і актывы былі б у руках надзейных людзей… Я б Керымава і іншых уладальнікаў зачыніў бы ў адну камэру, і яны б як міленькія прадалі ўсе актывы па самай высокай цане. Пакупніка б я ім знайшоў, — заявіў Лукашэнка. — Забраць у нягоднікаў акцыі і аддаць іх гэтым няшчасным Беразьнякам». То бок — забраць у багатых і раздаць бедным. Чакае, ой, чакае расейская зямля новага Сьценькі Разіна. І нават кандыдат гатовы ёсьць.

Вось літоўцы пагражаюць перакрыць дарогі ў Калінінградзкую вобласьць у сувязі з «малочнай вайной» Літвы і Расеі. І тут зноў паўстае мямля Пуцін і круты Лукашэнка. «Калі літоўцы будуць сябе так паводзіць — атрымаюць па мордзе… У нас па Калінінграду пазыцыя яшчэ больш жорсткая, чым у расейскага кіраўніцтва».
Зямля ваша вялікая і багатая, а парадку ў вас няма, запрасіце на княжаньне, буду валодаць вамі

І ўвогуле, няма, ой няма гаспадара ў Расеі. «Я казаў неяк Пуціну: аддайце нам Калінінградзкую вобласьць, мы разаром кожны гектар і зробім квітнеючую вобласьць».

Карацей, як паводле старажытнага летапісу: зямля ваша вялікая і багатая, а парадку ў вас няма, запрасіце на княжаньне, буду валодаць вамі.

Другі важны элемэнт гэтай схемы: нагрувашчваньне фактаў і тэзаў, якія, мякка кажучы, не адпавядаюць рэальнасьці. Зь беларускімі журналістамі Лукашэнка абыходзіцца больш асьцярожна. А расейцы правяраць ня будуць. Да таго ж сюды прывозяць тых, хто безагаворачна верыць кожнаму ягонаму слову. Таму можна пусьціцца ва ўсе цяжкія.

Клясыкі жанру — аповеду пра даярку, якая зарабляе 600–800 даляраў — гэтым разам не было. Але ж — у аграгарадкі народ валам валіць.

«Мы не закрываем прасторы для трансьляцыі расейскімі тэлеканаламі фільмаў пра „Хроснага бацьку“».

З Расеі ў Беларусь на сталае месца жыхарства прыехала за 5 гадоў больш за 35 тысяч чалавек, каля 9 тысяч беларусаў за гэты час атрымалі від на жыхарства ў Расеі. Гэта красамоўныя лічбы, лічыць Лукашэнка, якія сьведчаць, што людзі едуць туды, дзе лепш. (Пра 0,8–1 млн беларусаў, якія працуюць у Расеі, ён ня ўзгадвае).

«Я адзіны дэпутат, які галасаваў у нашым парлямэнце супраць развалу СССР».

«Я чалавек савецкі, я вырас у той краіне. Ад той сыстэмы мне спаўна хапіла: мяне з партыі хацелі выгнаць, два спагнаньні па партыйнай лініі, ледзьве ў турму не пасадзілі, усяго было…» (Усё так, але крымінальную справу супраць Лукашэнкі заводзілі за зьбіцьцё мэханізатара).

Можна было б казаць пра крызіс жанру. Але, як вядома, усе жанры добрыя, акрамя нуднага. А з Лукашэнкам ня знудзісься.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG