Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу за пратэст супраць расейскіх авіябаз суд вярнуў у міліцыю


Юры Новікаў

Юры Новікаў

11 кастрычніка судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Вольга Бекешава, разглядаючы справу супраць кіраўніка абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юрыя Новікава, прызнала, што адміністрацыйны пратакол на актывіста складзены з парушэньнямі.

Паводле судзьдзі, выяўленыя парушэньні не дазваляюць правесьці судовы разбор як мае быць. Матэрыялы справы судзьдзя накіруе ў Ленінскі райаддзел міліцыі — каб выправілі хібы.

На судзе Юры Новікаў заяўляў, што копія пратаколу, складзенага капітанам міліцыт Шылавым, не адпавядае таму пратаколу, які ў матэрыялах справы. Гэта пацьвердзіла і судзьдзя.

Юрыя Новікава вінавацяць у тым, што ён, ня будучы распаўсюднікам сродкаў масавай інфармацыі, раздаваў людзям улёткі з заклікам: «Не — ваенным базам на зямлі беларускай».

Затрымалі яго 8 верасьня, калі кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны абвясьціла пра пачатак маратону зьбіраньня подпісаў супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскія авіябазы. Кіраўнікі арганізацыяў, якія ўваходзяць у склад кааліцыі, выйшлі 8 верасьня на вуліцу Ленінскую, каб пачаць збор подпісаў. Калі акцыя скончылася, затрымалі аднаго Новікава.

На судзе ён не адмаўляў, што зьбіраў подпісы, каб потым «даслаць іх у адміністрацыю прэзыдэнта, урад ды Палату прадстаўнікоў і такім чынам аказаць ціск на іх, каб яны перагледзелі сваю пазыцыю адносна разьмяшчэньня замежных баз у Беларусі».

«Акцыя наша была палітычная і публічная, а любое праяўленьне грамадзкай актыўнасьці спыняецца ўладай на корані. За гэта караюць, каб іншыя гэта бачылі і каб жаданьня пратэставаць не было. Пагатоў супраць расейскіх баз нікому не дадуць пратэставаць. Гэта вырашае ў нас адзін чалавек — быць ім тут ці не», — камэнтуе працэс супраць сябе Юры Новікаў.

Даў тлумачэньні суду і міліцыянт, які затрымліваў Новікава — Валеры Пахомаў. Паводле яго, актывіст улёткі распаўсюджваў. На пытаньне, чаму затрымалі толькі аднаго Новікава, міліцыянт адказаў, што іншыя ўдзельнікі акцыі паўцякалі.

Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў

Заслухаў суд тлумачэньні і кіраўніка абласной структуры партыі БНФ Зьмітра Салаўёва. Ён лічыць, што затрымалі Новікава за ўдзел у акцыі пратэсту і судзяць за пратэст — хоць і прыкрываюць гэта тым, што ягоны калега нібыта нешта распаўсюджваў:

«Тое, што зьбіраемся правесьці нашу акцыю, мы ні ад кога не хавалі. Была прэсавая канфэрэнцыя. І ведала пра яе ўлада. І невыпадкова там зьявіліся міліцыянты. Ім трэба было знайсьці падставы для затрыманьня. Вось і зьявіліся ўлёткі. Сёньняшні судовы працэс — ён наўпрост зьвязаны з акцыяй пратэсту, пратэсту супраць намераў разьмясьціць расейскія авіябазы ў Беларусі».

Ці адновяць судовы працэс супраць Юрыя Новікава, невядома. Судзьдзя на гэты конт прамаўчала.

Падтрымаць Новікава ў судзе прыйшлі больш за дзесяць чалавек. Разглядалася справа ў кабінэце судзьдзі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG