Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі змагары з хімічнай зброяй


Офіс арганізацыі ў Гаазе

Офіс арганізацыі ў Гаазе

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі, якая зьяўляецца агенцтвам ААН і базуецца ў Гаазе, будзе забясьпечваць хімічнае раззбраеньне Сірыі.

Нобэлеўская прэмія міру была прысуджана Арганізацыі дзеля забароны хімічнай зброі, якая цяпер займаецца ліквідацыяй хімічных арсэналаў Сырыі. Гэта міжурадавая арганізацыя, заснаваная ў 1997 годзе ў мэтах рэалізацыі Канвэнцыі па забароне хімічнай зброі.

Штаб-кватэра арганізацыі месьціцца ў Гаазе (Нідэрлянды). Яе сябрамі аўтаматычна становяцца дзяржавы, якія ратыфікавалі канвэнцыю. Цяпер у АЗХЗ удзельнічаюць 189 дзяржаваў, і 14 кастрычніка 2013 году Сырыя афіцыйна стане 190-м удзельнікам арганізацыі. Пад кантролем АЗХЗ удалося зьнішчыць амаль 80% вядомых запасаў хімічнай зброі ў сьвеце.

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

На прэмію таксама быў намінаваны беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» цяпер адбывае пакараньне ў Бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Упершыню Алесь Бяляцкі быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006 годзе. Сёлета праваабаронцу вылучыў нарвэскі парлямэнтар Ян Санэр.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, намесьнік Алеся Бяляцкага ў «Вясьне», кажа, што ў мінулым годзе ў Алеся было нашмат больш шанцаў атрымаць гэтую ўзнагароду:

«У мінулым годзе было больш працы зроблена для таго, каб Алесь атрымаў прэмію. У гэтым годзе неяк усё цішэй. Але я кожны раз паўтараю, што для мяне важней за любыя прэміі — пабачыць Алеся на волі».

Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч верыць, што прэмію Алесь усё ж атрымае:

«Я не сумняваюся, што Нобэлеўскі камітэт, прымаючы свае рашэньне, мае высакародныя памкненьні і жаданьне адзначыць найбольш важныя ініцыятывы. Але сапраўды вельмі хацелася б, каб у гэтай каньюнктуры былі адзначаныя і беларусы. Прычым тыя, хто цяпер працуе ня толькі на карысьць Беларусі, але дзеля ўмацаваньня міру паміж народамі. Вядома, у гэтым выпадку я маю на ўвазе Алеся Бяляцкага. Гэта трэцяя, здаецца, была намінацыя Алеся, і я спадзяюся, што мы дачакаемся сур’ёзнага ўганараваньня для вартых людзей зь Беларусі».

30 верасьня Алесь Бяляцкі быў уганараваны прэміяй імя Вацлава Гаўла. Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук сказала на цырымоніі ўручэньня:

«Алесю нялёгка, ён у больш жорсткіх умовах, чым іншыя вязьні Бабруйскай калёніі, яго абмяжоўваюць у кантактах з блізкімі ды іншымі вязьнямі, ён зазнае моцны ціск адміністрацыі. Улады ўсяляк дамагаюцца, каб Алесь напісаў пакаяньне на імя Лукашэнкі. У турмах Беларусі яшчэ 10 палітвязьняў, якія зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі і свабоды. Я спадзяюся, што эўрапейскія структуры як гаранты і абаронцы дэмакратыі і свабоды не адступяцца ад сваёй прынцыповай пазыцыі, зьвязанай з вызваленьнем палітвязьняў і іх поўнай рэабілітацыяй… Прэмія, якую атрымаў Алесь, — гэта знак салідарнасьці ня толькі зь ім, але і з усёй беларускай дэмакратычнай супольнасьцю».

Сярод іншых прэтэндэнтаў былі:

Дэніс Муквэге (Denis Mukwege), доктар-гінеколяг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, заснаваў бальніцу для ахвяраў сэксуальнага гвалту. Год таму ўзброеныя людзі ўзялі ў закладнікі ягоную жонку і дачку ў ягонай кватэры. Самога доктара спрабавалі забіць. Выратаваў сям’ю ахоўнік, які загінуў.

У кастрычніку мінулага году пакістанскую дзяўчынку Малалу Юзафай ранілі ў галаву баевікі руху “Талібан”. Баевікі палічылі, што ў сваім блёгу на сайце Бі-бі-сі, яна выступае супраць руху і агітуе за сьвецкі лад жыцьця. Малала ўжо ўганараваная прэміяй імя Ганны Паліткоўскай, а 10 кастрычніка атрымала прэмію імя Сахарава “За свабоду думкі”.

Сярод намінантаў быў і выкрывальнік сакрэтаў амэрыканскіх спэцслужбаў Эдвард Сноўдэн, які цяпер мае палітычны прытулак у Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG