Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выдавец Валеры Дубоўскі дамаўчаўся да вершаў


Валеры Дубоўскі

Валеры Дубоўскі

У галерэі «Ў» прэзэнтавалі кнігу паэзіі Валера Дубоўскага, якая выйшла ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка» Бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

«На пачатку маўчаньня» — так называецца зборнік выбраных вершаў — 44-я кніга ў сэрыі.

Вершы Валера Дубоўскага прачыталі акторка Купалаўскага тэарту Алена Сідарава і акторка Тэатру-студыі кінаактора Ала Прокіч, а таксама сам аўтар.

Каля 70 чалавек прыйшлі, каб павіншаваць Валера Дубоўскага з выхадам кнігі. Вядоўцам імпрэзы быў пісьменьнік і журналіст Міхась Скобла.

Жонка паэта Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна зачытала паэтычнае прывітаньне ад дзядзькі Рыгора, які напісаў прадмову да кнігі.

Валянціна Барадуліна

Валянціна Барадуліна



Лінгвіст Пётра Садоўскі зрабіў моўны аналіз вершаў. Ён выпісаў усе мэтафары, скарыстаныя паэтам, затым перамяшаў іх у адвольным парадку і склаў новы верш-пародыю.

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі



Аксана Спрынчан: «Гэта паэзія, блізкая мне»

Паэтка Аксана Спрычан распавяла, што пазнаёмілася з Валерам Дубоўскім падчас супольнай працы над стварэньнем фотапраекту да юбілею Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і была зачараваная ім, яшчэ не чытаўшы яго вершаў:

«Я была ў камісіі, якая прымала Валера Дубоўскага ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Прачытаўшы яго кнігу, я зразумела, што гэтая паэзія — блізкая мне. Такія вершы трэба чытаць. Прыйшоўшы з гэтай прэзэнтацыі дадому, усім варта ўзяць кнігу ў рукі і пачаць чытаць».

Аксана Спрынчан

Аксана Спрынчан




Уладзімер Арлоў: «Дубоўскі — нашчадак Скарыны»


У 1989–1993 гадах Валеры Дубоўскі ўзначальваў дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь». Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў, які зьяўляецца рэдактарам кнігі «На пачатку маўчаньня», лічыць гэты час зорным у гісторыі выдавецтва:

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў


«Я працаваў па суседстве, у выдавецтве «Мастацкая літаратура. Менавіта тады я і пазнаёміўся з дырэктарам выдавецтва „Беларусь“ Валерам Дубоўскім. Я памятаю, што ў пакоі, дзе ён працаваў разам з галоўным рэдактарам выдавецтва Аляксандрам Лукашуком, часьцяком можна было сустрэць такіх людзей, як Вітаўт Кіпель ці Вера Рыч. Тады выдавецтва выпускала кнігі Смоліча, Туронка, Ластоўскага, друкавала паштоўкі з „Пагоняю“ і бел-чырвона-белым сьцягам. Я цалкам адказна магу сказаць, што ў пэўным сэнсе Валеры Дубоўскі — нашчадак Скарыны, які годна працягвае яго справу».




Валянціна Лузіна: «Кніга Валера Дубоўскага — ня лёгкае чытво»


Краязнаўца і ганаровы грамадзянін Ашмянаў Валянціна Лузіна распавяла, што адзін час Валеры Дубоўскі працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара ашмянскай раённай газэты і спрычыніўся да шматлікіх культурніцкіх праектаў на Ашмяншчыне:
Валянціна Лузіна

Валянціна Лузіна


«Я ведаю яго як выдаўца-асьветніка. Для таго, каб выдаваць такія кнігі, якія выходзілі ў выніку працы Валера Дубоўскага, трэба быць дасьледчыкам. Па шчырасьці, паэтычны бок яго асобы для мяне даволі новы, але ён мяне не зьдзівіў, таму што заўсёды было бачна, што Валеры — чалавек вельмі таленавіты і шматбаковы. Я прачытала яго кнігу і магу сказаць, што „На пачатку маўчаньня“ — гэта ня нейкае лёгкае чытво, гэта філязофскі роздум. Прачытаўшы яе аднойчы, кожны будзе зьвяртацца да гэтай кнігі неаднаразова».



Барыс Пятровіч: «Валеры Дубоўскі дамаўчаўся да вершаў»


Галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч таксама сказаў, што доўгі час ня ведаў, што Валеры Дубоўскі піша вершы:

«Для мяне таксама гэты чалавек — найперш выдавец. Але выдавец зусім не шэраговы. Трэба было мець прынцыповую пазыцыю і грамадзянскую сьмеласьць, каб выдаваць такія кнігі, якія выдаваў Валеры Дубоўскі. Я вельмі ўсьцешаны, што гэтай кнігай сканчваецца маўчаньне Валера Дубоўскага як паэта і пачынаецца новы яго пэрыяд. Ён дамаўчаўся да вершаў».

Пісьменьнік і журналіст Міхась Скобла, які выступіў у ролі вядоўцы прэзэнтацыі, напрыканцы адзначыў:

«Памаўчаўшы над кнігай Валера Дубоўскага, вы значна пабагацееце на афарыстычныя выразы і моўнае хараство, якое немагчыма вымераць ніякімі адзінкамі».
Міхась Скобла

Міхась Скобла

XS
SM
MD
LG