Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычны паход у Навабеліцу


Галіна Краўчанка

Галіна Краўчанка

Восем дэмакратычных арганізацыяў Гомеля распачалі 10 кастрычніка грамадзка-палітычную кампанію «Навабеліца».

Прадстаўнікі руху «За свабоду», Партыі БНФ, «Дэмакратычнага форуму», «Нашага дому» ды іншыя зь ліку падпісантаў сумеснага пагадненьня спрабуюць вырашыць у Навабеліцкім раёне Гомеля, адным з чатырох у горадзе, лякальныя пытаньні, кшталту, «Новы двор», «Новая дзіцячая пляцоўка». Дзеля гэтага яны плянуюць арганізаваць жыхароў, падштурхнуць іх да актыўнасьці.

«Адначасова мы пачынаем падрыхтоўку да выбараў у мясцовыя саветы, прапануючы жыхарам прававую дапамогу, а таксама новых кандыдатаў у дэпутаты зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый», — гаворыць актывістка руху «За свабоду» Галіна Краўчанка.

У межах кампаніі грамадзкія арганізацыі й палітычныя партыі мяркуюць вылучыць на наступныя выбары ў мясцовыя саветы чатырох сваіх кандыдатаў — у гарадзкі і абласны саветы.

Пятым кандыдатам будзе дэмакратычны вылучэнец у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Справа ў тым, што пасьля мінулагодніх парлямэнцкіх выбараў Навабеліцкі раён застаўся без свайго прадстаўніка ў парлямэнце. Вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьняў сваю кандыдатуру, пратэстуючы супраць несумленных выбараў. Праўладны кандытат, замешаны ў карупцыйным скандале, таксама адмовіўся ад удзелу ў выбарах. А за безальтэрнатыўнага кандыдата ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, жыхары Навабеліцы, паволе выбаркаму, не прагаласавалі. Таму на мясцовых выбарах у 2014 годзе Навабеліца абярэ адначасова й свайго дэпутата парлямэнту.

Ад сёньня прадстаўнікі грамадзка-палітычнай кампаніі «Навабеліца» распачалі маніторынг праблемаў гэтага раёну.
XS
SM
MD
LG