Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кнігі Тараса пра Беларусь выходзяць па-расейску?


Анатоль Тарас
Анатоль Тарас
10 кастрычніка ў Магілёве прэзэнтавалі Інстытут беларускай гісторыі і культуры. У грамадзкім цэнтры «Кола» некамэрцыйную арганізацыю прадстаўляў пісьменьнік і гісторык Анатоль Тарас.

У Магілёў на запрашэньне мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы разам з Анатолем Тарасам прыехаў ягоны калега па інстытуце Віктар Яўмененка. Яны прывезьлі творчы даробак сваёй арганізацыі — кнігі па гісторыі і культуры Беларусі.

Мэту свайго візыту ў Магілёў Анатоль Тарас у інтэрвію «Свабодзе» гэтак і акрэсьліў: «Апавесьці пра дзейнасьць Інстытуту беларускай гісторыі і культуры».

«Галоўны напрамак нашай дзейнасьці — гэта выданьне літаратуры, прысьвечанай беларускай гісторыі й культуры як на беларускай мове, гэтак і на расейскай. Мы хочам, каб людзі пабачылі, што ёсьць выдадзеныя намі кніжкі, брашуры ды альманахі».

У тым, што кнігі, прысьвечаныя беларускай гісторыі і культуры, Інстытут выдае на расейскай мове, Анатоль Тарас вялікай заганы ня бачыць. Паводле яго бальшыня беларусаў чытае на расейскай мове і трэба, каб яны ведалі беларускую гісторыю.

«Гэта для мяне галоўнае, а на якой мове — гэта для мяне ідзе другім пунктам. Няхай ведаюць сваю гісторыю, хоць бы і на расейскай. Я і сам праз гэта праходзіў. Калі ў чалавека зьяўляецца інтарэс да айчынай гісторыі і культуры, то ён раней ці пазьней прыходзіць і да мовы. Добра, калі чалавек выхаваны ў рэчышчы беларускай мовы, але такіх замала. Калі чалавек цікавіцца дзеячамі беларускай культуры, а яны амаль усе пісалі на беларускай мове, дык зьявіцца інтарэс, я гэтак лічу, і да беларускай мовы».
Падчас імпрэзы
Падчас імпрэзы

Анатоль Тарас адзначае, што беларускую гісторыю суседзі Беларусі ня ведаюць наагул, а кніжкі, выдадзеныя на расейскай мове, будуць знаёміць зь беларускім мінулым:

«Калі я пачаў друкаваць кнігі па беларускай гісторыі і іх пачалі чытаць у Расеі, Літве, Польшчы, Украіне, то лямант узьняўся яшчэ які: „Што яны там пішуць? Вось Тарас прыдумаў“. Але ж я нічога не прыдумляў, тое было надрукавана даўно на беларускай мове, але гэтага не чыталі нашы суседзі. Мушу адзначыць, што кніг, выдадзеных інстытутам на беларускай мове, становіцца ўсё болей».

Суразмоўца разам з тым прызнае, што кнігі для беларусаў павінны друкавацца па-беларуску, а тое, што яны выдаюцца на расейскай мове — гэта не нармальная зьява.
Бальшавікі, каб данесьці свае брыдкія ідэі, не саромеліся друкавацца і на габрэйскай мове, і на турэцкай, і на якой хочаце

«Я ўсё ж рэаліст і, мяркую, што гэтак трэба рабіць. Я тут гляджу на прыклад бальшавікоў. Яны, каб данесьці свае брыдкія ідэі, не саромеліся друкавацца і на габрэйскай мове, і на турэцкай, і на якой хочаце. Вось, маўляў, ведайце нашы ідэі. І я так лічу. Што трэба друкаваць нашы ідэі на розных мовах. Ну, на турэцкай наўрад ці, але на расейскай дакладна».

На сустрэчы Анатоль Тарас заявіў, што Інстытут беларускай гісторыі і культуры агітуе за эўрапейскі выбар Беларусі, бо, на думку спадара Тараса, з Расеі мала чаго добрага мела Беларусь. «Дзе наша мова?», — пытаўся спадар Тарас у грамады і сам адказваў: «Вінаватая ў тым Расея. Зь ёй мы ніколі не былі ў братэрстве».

Інстытут беларускай гісторыі і культуры зарэгістраваны ў сталіцы Латвіі Рызе, бо паводле Анатоля Тараса, там прасьцей легалізаваць дзейнасьць грамадзкай арганізацыі. Акрамя выдавецкай дзейнасьці Інстытут праводзіць мерапрыемствы асьветніцка-інфармацыйнага характару — ладзіць лекцыі, сустракаецца з грамадзкасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG