Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Калінкавічах прыняў "саламонава" рашэньне


Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

У Калінкавічах пасьля шэрагу перасудаў вынесены чарговы вырак у адміністрацыйнай справе пра дробнае хуліганства ў дачыненьні да актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Рабянка. Яго зноў прызналі вінаватым у нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў суседу Ўладзімеру Жыгару, але не пакаралі, бо выйшаў тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Я ня ведаю, плакаць мне ці сьмяяцца. Ранейшы штраф абласны суд адмяніў. Зараз раённы суд штрафу мне ня даў, але зноў прызнаў вінаватым у дробным хуліганстве. Будзем з адвакатам думаць, падаваць апэляцыю ці не. Пацярпелы ў гэтай справе насамрэч ня Жыгар, а я сам. Ён пырснуў мне ў вочы сьлезацечным газам. Міліцыя аднабока падала гэты інцыдэнт у суд, і я застаўся вінаватым», — кажа спадар Рабянок.

Канфлікт здарыўся сёлета 13 красавіка. Дзяніс Рабянок выйшаў прыбраць клюмбу насупраць свайго балькона ў шматкватэрным доме. Такая ініцыятыва прыйшлася не даспадобы суседу Ўладзімеру Жыгару, які ня раз чапляўся да апазыцыйнага актывіста. Гэтым разам за тое, што нібыта перашкаджае адпачываць: «Праклятыя апазыцыянэры, вас забіваць трэба, высяляць трэба, як кажа наш прэзыдэнт». Рабянок яму ў адказ: «Супакойся ды ідзі палячыся, калі ў цябе нэрвы».

Здавалася, на гэтым інцыдэнт і скончыўся. Але калі Дзяніс упарадкаваў клюмбу і вяртаўся дадому, у двары яго заўважыў Уладзімер Жыгар. Ён выскачыў з машыны, падбег да Рабянка й пырснуў у вочы газам з балёніка.

Напад бачыла маці Дзяніса — яна выклікала сыну хуткую дапамогу й паведаміла пра інцыдэнт у міліцыю. Мэдыкі забралі Дзяніса ў шпіталь, аказалі першую дапамогу. Яшчэ тыдзень ён лекаваўся ў афтальмоляга з прычыны хімічнага апёку вачэй.

Дзяніс Рабянок падаў у міліцыю заяву на прыцягненьне нападніка да адказнасьці. Аднак праз два тыдні апазыцыянэр атрымаў копію пастановы за подпісам намесьніка начальніка Калінкавіцкага райаддзелу міліцыі Станіслава Расошкі і ўчастковага інспэктара Ўладзімера Паўловіча.

Дзяніса Рабянка абвінавацілі ў разьвязваньні бойкі, нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў Уладзімеру Жыгару. Апошні праз два дні пасьля інцыдэнту прадставіў даведку судмэдэкспэрта, што ў яго пашкоджана губа й ёсьць два сінякі.

Скарга Рабянка ў пракуратуру выніку ня мела. Раённы суд аштрафаваў актывіста на 1 мільён рублёў. Штраф гэты ў ліпені адмяніў абласны суд.

Рабянок вымушаны быў пісаць таксама звароты ў абласную пракуратуру, у Сьледчы камітэт на дзеяньні міліцыі, бо яго самога пасьля нападу ніякі экспэрт не аглядаў — высновы былі зробленыя завочна пасьля лекаваньня. Урэшце калінкавіцкія міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол і ў дачыненьні да Ўладзімера Жыгара — за напад са сьлезацечным газам, але за даўнасьцю суд пакінуў пратакол без разгляду.

Дзяніс Рабянок вінаватым сябе ня лічыць. У суд прыходзілі двое сьведак, якія пацьвердзілі, што менавіта дэмакратычны актывіст стаў ахвярай нападу. Сам ён ніякіх удараў суседу не наносіў і ня мог нанесьці, бо быў асьлеплены сьлезацечным газам.

Выкліканы ў суд экспэрт заявіў, што лёгкія цялесныя пашкоджаньні ў Жыгара маглі зьявіцца як да, так і пасьля 13 красавіка.

Дарэчы, адмяняючы пастанову на штраф актывісту, абласны суд зрабіў заўвагу, што раённы судзьдзя не патлумачыў, чаму прымае на веру паказаньні сьведак з боку абвінавачаньня і не прымае іншых — з боку абароны. Дзяніс Рабянок дадае, што на гэтае выключна важнае пытаньне ня дадзена адказу й на апошнім судовым паседжаньні.
XS
SM
MD
LG