Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пакуль не пачалі справу супраць Баўмгертнэра


Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Праваахоўныя органы Расеі вырашаць пытаньне, ці пачынаць крымінальную справу супраць гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра, толькі пасьля вывучэньня матэрыялаў, атрыманых ад беларускага боку.

Пра гэта паведаміў пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

«Ёсьць матэрыялы, якія, як лічыць Генпракуратура Беларусі, гавораць пра парушэньне расейскага заканадаўства. Расейскі бок будзе вырашаць, ці можна кваліфікаваць як злачынства і ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да Баўмгертнэра», — цытуе Сурыкава РИА Новости.

4 кастрычніка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што з крымінальнай справы супраць дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і іншых расейскіх топ-мэнэджэраў вылучаныя і перададзеныя ў Генпракуратуру Беларусі 19 тамоў матэрыялаў па факце прычыненьня шкоды інтарэсам Расеі.

У адпаведнасьці зь дзейнымі дамоўленасьцямі матэрыялы перададзеныя кампэтэнтным органам юстыцыі Расеі для правядзеньня расьсьледаваньня і вызначэньня шкоды, нанесенай Расеі.

Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі страты «Беларуськалію» і БКК у памеры да 100 мільёнаў даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэр знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яго трымаюць у Менску на найманай кватэры.
XS
SM
MD
LG