Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія дамы Ракфэлера зьнесьлі дзеля супэрмаркету


З дванаццаці драўляных катэджаў гэтак званай «калёніі Варбурга» засталіся толькі чатыры. Нядаўна два дамы разбурылі, каб зрабіць супэрмаркет з аўтапаркоўкай.

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская распавяла Радыё Свабода, што літоўская фірма «Глера-тау» адмовілася будаваць супэрмаркет на месцы зьнесеных дамоў.

Цяпер з пляцоўкі прыбіраюць будаўнічую агароджу.

Лаўроўская перакананая: паколькі дамоў ужо няма, забудовай пляцоўкі будзе займацца нехта іншы.

Улады Берасьця запэўнілі, што чатыры апошнія катэджы «калёніі Варбурга» будуць рэстаўравацца, а ў адным зь іх зробяць музэй. Пакуль, праўда, невядома, адкуль на гэта возьмуцца сродкі. Улады намякаюць, што аднаўляць варта берасьцейскай габрэйскай грамадзе, але там кажуць, што ня маюць такіх грошай.

Тым часам апошнія дамы калёніі стаяць напаўразбураныя, у іх здараліся пажары.

Даведка Радыё Свабода — «Калёнія Варбурга»


«Калёнію Варбурга» пабудавалі ў 1925–1927 гадах для маламаёмных габрэйскіх сямей Берасьця. Назвалі ў гонар аднаго з фундатараў — Фэлікса Варбурга. Вядома, што сродкі на будоўлю выдзяляў нават амэрыканскі мільярдэр Ракфэлер.

У Другую ўсясьветную вайну насельнікаў «калёніі Варбурга» расстралялі ў ліку 30 тысяч берасьцейскіх габрэяў. У дамах разьмясьцілі савецкіх ваеннапалонных.

Пасьля вяртаньня ў Берасьце Чырвонай арміі ў 1944 годзе тут зрабілі лягер для нямецкіх палонных.

У 1950-х гадах пасьля рамонту «калёнію Варбурга» сталі выкарыстоўваць як звычайнае жыльлё. На пачатку 2000-х гадоў першыя пяць дамоў зьнесьлі.

Непадалёк ад «калёніі Варбурга» — футбольны стадыён «Лякаматыў». Вядома, што яго збудавалі на месцы старых габрэйскіх могілак, а плітамі з магіл за савецкім часам брукавалі ходнікі, у тым ліку і ў 1-м Менскім завулку, дзе «калёнія Варбурга».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG