Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Лукашэнка трапіў пад цэнзуру


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Лукашэнка, як Ленін у СССР, стаў самым цэнзураваным аўтарам у краіне

Аляксандр Лукашэнка зноў «ляпнуў». Гэтым разам наконт падтрымкі сям’і. Наведваючы БелАЗ у Жодзіне, ён сказаў:

«Мы зараз думаем, як падтрымаць жанчын. Сем’і як падтрымаць… Вось праект „Вялікая сям’я“ мне прапанавалі. За першае дзіця — дзесяць тысяч даляраў. За другое — дваццаць. За трэцяе — у два разы павялічваем. А калі яшчэ ты сам на гэты рахунак грошы кладзеш, то мы ў два разы больш даем».

Газэта «Наша ніва» падлічыла, што ў гэтым выпадку дзяржаве прыйшлося б штогод выплачваць больш за 2 мільярды даляраў на дзяцей. Зразумела, гэта нерэальна. І самі ўлады гэта хутка зразумелі. Таму заява Лукашэнкі зазнала цэнзуру. На сайце прэзыдэнта, у інфармацыі БЕЛТА, у «Советской Белоруссии» гэтых словаў кіраўніка дзяржавы няма.

Справа ня новая. Паўтара тыдні таму БЕЛТА адцэнзуравала словы Лукашэнкі пра «народзец», які пабег у абменьнікі. Гэта ўжо для беларускага афіцыёзу стала традыцыяй.

Сытуацыя характэрная для недэмакратычных рэжымаў. У СССР самая вялікая цэнзура існавала адносна Леніна, на якога афіцыйна амаль маліліся. Каля 4 тысяч матэрыялаў, напісаных правадыром усясьветнага пралетарыяту (гэта 6–7 тамоў) не былі надрукаваныя ў савецкія часы. У гэта цяжка паверыць, але Ленін быў самым забароненым аўтарам у краіне, у якой панавала ідэалёгія марксізму-ленінізму.

Моцна рэдагавалі і выступы Хрушчова, які быў вельмі коснаязыкі, але балбатлівы, любіў гаварыць па чатыры гадзіны.
З Лукашэнкам праблемы ўзьніклі зь першых месяцаў кіраваньня

З Лукашэнкам праблемы ўзьніклі зь першых месяцаў кіраваньня. Узгадаем скандальнае выказваньне наконт Гітлера, ад якога старанна адхрышчваюцца ягоныя прыхільнікі. Альбо заява пра тое, што беларуская мова — бедная, на ёй «нельга выразіць штосьці вялікае». Праз два гады прэзыдэнт катэгарычна адмаўляўся ад гэтай фразы, абяцаў заплаціць мільён даляраў таму, хто пакажа, дзе і калі ён пагардліва казаў пра беларускую мову.

У 1997 годзе, адказваючы на пытаньне журналіста, чаму ён назваў Барыса Ельцына 80-гадовым, калі на самой справе яму было тады толькі 66 гадоў, Лукашэнка адказаў: «Сарвалася зь языка, разумееце? Экспромт быў… Як дадаў яму 15 гадоў, сам не разумею… Ну трэба ж вашу ўвагу чымсьці прыцягнуць. І вы адразу клюнулі».

У сваёй кнізе пра Лукашэнку я на цэлы разьдзел прыводжу прыклады, дзе Лукашэнка кажа пра тое, што, мякка кажучы, не адпавядае рэальнасьці. Як прапагандысту і папулісту ад прыроды, яму важна зрабіць прыгожую карцінку для аўдыторыі ў дадзены канкрэтны момант. Ён сам захапляецца сабой і ўжо ня можа спыніцца.

Здавалася б, столькі часу прабыўшы ва ўладзе, ён павінен быў зрабіцца больш абачлівым. Бо з-за сваёй празьмернай гаварлівасьці шмат разоў трапляў у непрыемныя сытуацыі.

Але, як вядома, чалавек — гэта стыль. Ён ня можа спыніцца, нават калі гэта шкодзіць ягонаму іміджу. Вось і пра пошліну ў 100 даляраў Лукашэнка сказаў: «Вось ляпнуў, сабе на шкоду, мусіць».

Аўтарытарны рэжым асабістай улады, калі ўсёўладны валадар знаходзіцца па-за крытыкай, робіць кепскую паслугу яму самому. У выніку кіраўнік Беларусі — адзіны чалавек у краіне, які не адказвае за свае словы. І, як ні парадаксальна, Лукашэнка, як Ленін у СССР, стаў самым цэнзураваным аўтарам у краіне. Дзяржаўныя мэдыі рэдагуюць яго больш, чым Пазьняка. І сьмех, і грэх.

Але калі палітык не адказвае за свае словы, то адбываецца дэвальвацыя ягоных публічных заяваў у вачах электарату. Зь іншага боку, як весьці справы зь Беларусьсю замежным палітыкам ці бізнэсоўцам, якія атрымліваюць асабістыя гарантыі ад Лукашэнкі?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG