Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект кітайскага індустрыяльнага парку ўжо гатовы


Высечаныя лес на месцы будаўніцтва індустрыяльнага парку

Высечаныя лес на месцы будаўніцтва індустрыяльнага парку

Будоўлю зьнешняй інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку плянуецца завяршыць да траўня 2014 году.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік на цырымоніі адкрыцьця першай Кітайскай гандлёвай выставы ў Менску, перадае БЕЛТА.

«Ужо распрацаваны праект парку, зацьверджаны генэральны плян яго разьвіцьця, распрацаваны дэталёвы праект асваеньня першачарговай тэрыторыі ў 11 квадратных кілямэтраў. Будоўлю зьнешняй інфраструктуры плянуем скончыць да траўня наступнага году», — сказаў Анатоль Тозік.

На яго думку, з траўня-чэрвеня 2014 году пачнецца ўзьвядзеньне вытворчасьцей рэзыдэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку:

«Мы спадзяемся, што ў індустрыяльным парку будуць разьмешчаныя вытворчасьці сучаснай прадукцыі заўтрашняга дня. Сумесна з кітайскімі партнэрамі мы ствараем усе неабходныя ўмовы для прыходу ў парк ня толькі кітайскіх і беларускіх кампаній, а перадавых вытворцаў з Эўропы, Амэрыкі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі».

Будоўля кітайскага тэхнапарку ў Смалявіцкім раёне выклікала пратэсты мясцовых жыхароў.

2 жніўня дачнікі Аксана Зелянеўская і Віктар Іваноў перадалі ў Смалявіцкі райвыканкам і адмысловую камісію 749 подпісаў супраць будоўлі кітайскага тэхнапарку.

Падпісанты выказваюцца супраць разьмяшчэньня кітайскага парку ў вызначаным для гэтага месцы Смалявіцкага раёну і просяць улады разгледзець альтэрнатыўную пляцоўку для яго ўзьвядзеньня.

Зелянеўская: «Грунтуючыся на ўсіх праблемах, якія існуюць, на высновах эколягаў, на нашай пазыцыі, мы просім перанесьці гэтае будаўніцтва на іншую пляцоўку. Такія буйныя будоўлі спачатку павінны выносіцца на грамадзкае абмеркаваньне. А тут атрымалася, што нас ніхто не спытаўся, проста паставілі перад фактам. Таму людзі вельмі абураюцца, лічаць няправільным і ня бачаць сэнсу ва ўзьвядзеньні кітайскага гіганта каля Менску».

Парк плянуюць пабудаваць у раёне Пятровіцкага вадасховішча ля Нацыянальнага аэрапорту «Менск». Цяпер там лецішчы, палі й лясы.

Паводле генэральнага пляну на сайце Смалявіцкага райвыканкаму, у тэхнапарку, апроч прамысловых аб’ектаў, пабудуюць жыльлё, школы, дзіцячы садок, гандлёвыя й забаўляльныя цэнтры.

Дзеля гэтага зьнясуць лецішчы, вёску Бы́качына й высекуць лес.

Дачнікі правялі некалькі сходаў, на якіх выказаліся супраць зносу й будоўлі.

Праект каштуе 5 мільярдаў даляраў. Беларускія ўлады разьлічваюць, што ён стане рухавіком для беларускай эканомікі. Для Кітаю гэта магчымасьць атрымаць пляцдарм для сваёй эканамічнай актыўнасьці ў Эўропе.

У тэхнапарку разьмесьцяцца вытворчасьці ў галінах электронікі, авіяцыйнай прамысловасьці, фармацэўтыкі і біятэхналёгій. Парк зойме плошчу ў 80 квадратных кілямэтраў і будзе ўключаць у сябе навукова-дасьледчыя цэнтры, вытворчасьці, зоны адпачынку. Мяркуецца, што на тэрыторыі парку будуць пражываць 155 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG