Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва прызначыла новыя экспэртызы ў справе сьмерці вязьня Валадаркі


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

У справе аб сьмерці ў менскім СІЗА № 1 вязьня Ігара Пцічкіна прызначаныя дадатковыя экспэртызы.

Пра гэта Інтэрфаксу паведамілі ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Беларусі па Менску:

«У мэтах поўнага, усебаковага і аб’ектыўнага ўстанаўленьня ўсіх акалічнасьцяў расьсьледаваньня крымінальнай справы сьледзтву трэба будзе правесьці прадугледжаныя законам сьледчыя дзеяньні і мерапрыемствы, а таксама дадатковыя экспэртныя дасьледаваньні, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз».

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Беларусі па Менску таксама паведамілі, што з маці нябожчыка, прызнанай у справе пацярпелай, у прысутнасьці абаронцы правялі заплянаваныя сьледчыя дзеяньні. У прыватнасьці, пацярпелую азнаёмілі з высновамі спэцыялістаў па шэрагу завершаных экспэртыз.

Сьледчы камітэт па Менску завёў крымінальную справу ў дачыненьні да працаўніка мэдычнай часткі СІЗА-1 (Менск) Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Ён падазраецца ў неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць асуджанага Пцічкіна.

У выпадку, калі віна фэльчара Крылова будзе даказаная, яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Жыхар Менску Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» 4 жніўня. Яго сьмерць наступіла пасьля таго, як ён правёў у СІЗА 4 дні.

Ігару Пцічкіну быў 21 год. Пцічкіна пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Для адбыцьця пакараньня Ігара Пцічкіна зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.

Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў вэрсію пра раптоўную сьмерць у выніку спыненьня сэрца. Яны спасылаліся на плямы на целе нябожчыка.

На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам Ігара Пцічкіна паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося «псыхаматорнае ўзбуджэньне», з-за чаго яго мусілі «зафіксаваць мяккімі рамянямі».
XS
SM
MD
LG