Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны дакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці заклікаў улады Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, пакуль не адбудзецца рэформы заканадаўства і судовай сыстэмы, якая дазволіць выдаліць сьмяротнае пакараньне з Крымінальнага кодэксу краіны.

Харасьці выказаў жаль з прычыны рашэньня Вярхоўнага Суду Беларусі, які 18 верасьня пакінуў у сіле сьмяротны прысуд Паўлу Селюну.

Падвойнае забойства (жонкі і яе каханка) здарылася ў жніўні мінулага году ў Горадні. Былы студэнт адрэзаў галаву адной зь дзьвюх ахвяраў, зварыў і насіў чэрап у сумцы, пакуль ня быў затрыманы міліцыянтамі. У чэрвені ў Гарадзенскім абласным судзе яму вынесьлі сьмяротны прысуд.

Што мяркуюць наконт гэтага гарадзенцы? Яны за сьмяротнае пакараньне ці супраць? Расстраляць ці хай сядзіць?

Гісторык: «Што тычыцца сьмяротнага пакараньня, пытаньне вельмі складанае. Ці могуць выправіцца яны? У большасьці выпадкаў, я так мяркую, — не. Але той самы Дастаеўскі паказаў, хоць у мастацкім творы, што чалавек такі час ад часу можа выправіцца. Але ня ў гэтым справа. Як я лічу, пажыцьцёвае зьняволеньне — больш цяжкае пакараньне, чым сьмяротная кара. Таму што чалавек будзе мучыцца пажыцьцёва. Ён абмежаваны, ня можа рабіць тое і тое, ня можа туды пайсьці, вось толькі чатыры сьцяны на ўсё жыцьцё засталіся. А што сьмяротнае пакараньне? Як выключылі сьвятло — і больш нічога няма».
Як я лічу, пажыцьцёвае зьняволеньне — больш цяжкае пакараньне, чым сьмяротная кара

Архітэктар: «Ня мы сабе жыцьцё даем, ня нам ім распараджацца. Мы можам ізаляваць проста чалавека. Хоць „за“ сьмяротнае — у нас недзе ўнутры гэта кіпіць, гэтая эмоцыя. А калі па-разумнаму, то проста чалавека трэба ад грамадзтва ізаляваць. Я цьвёрда стаю на гэтым. Грамадзтва ня мае права караць, калі яно хрысьціянскім завецца. Бо можна далёка зайсьці, помста — гэта як атамная бомба, ланцуговая рэакцыя атрымліваецца. Але гэта я так мяркую, мае сябры так не мяркуюць…»

Сьвятар: «Я ня бачу сэнсу ў сьмяротным пакараньні. Мы будзем яго ўжываць дзеля чаго? Дзеля таго каб адпомсьціць таму, хто забіў кагосьці? Але, сапраўды, некалі мы можам і памыліцца. І гэта непапраўна будзе. Наша краіна можа сабе дазволіць да канца жыцьця трымаць гэтага вязьня, які будзе сядзець у адзіночцы і чакаць свайго натуральнага канца жыцьця. Хто ведае: можа, такі чалавек пакаецца, раскаецца ў сваім злачынстве. Зразумела, ён ня выправіць памылак сваіх, якія зрабіў…»

Чалавек з вуліцы: «У ніякім выпадку нельга адмяняць сьмяротнае пакараньне, у ніякім разе! Калі адменяць у Беларусі сьмяротнае пакараньне, я буду стаяць на плошчы з плякатам і крычаць супраць».

Але вырашаць будзе прэзыдэнт Лукашэнка, якому пададзенае прашэньне аб памілаваньні.
XS
SM
MD
LG