Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня слухаюць Лукашэнку — бягуць у абменьнікі


Абменьнік у кузаве на гомельскай вуліцы

Абменьнік у кузаве на гомельскай вуліцы

Выступаючы 8 кастрычніка перад рабочымі БелАЗа ў Жодзіне, Аляксандар Лукашэнка чарговым разам абвінаваціў людзей у дэвальвацыі нацыянальнага рубля: «Зьявіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменьнікі скупляць валюту... Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце». Гэтым разам кіраўнік дзяржавы не казаў, як у Жлобіне на «Дажынках», грэбліва «народзец пабег у абменьнікі», — абмежаваўся толькі асабовым займеньнікам «вы», але сутнасьць тая ж: у абясцэньваньні нацыянальнай валюты вінаваты народ.

Чаму людзі не прыслухоўваюцца да парады Лукашэнкі і бягуць у абменьнікі? Рэпартаж ад пунктаў абмену валюты ў Гомелі.

Амэрыканскі даляр каштаваў сёньня ў абменьніках банку «Масква — Менск», «Тэхнабанку» ды некаторых іншых рэкордную за гэтую восень суму — 9160 беларускіх рублёў, эўра — 12 400. А прадавалі даляр, найбольш хадавую валюту, на 90–100 рублёў даражэй.

Гамяльчук Леанід лічыць, што заява кіраўніка — гэта спроба перакласьці на народ адказнасьць за стан рэчаў у эканоміцы й фінансах:

«Я думаю, што выказваньне гэтае няправільным будзе: рубель слабее, і насельніцтва ў гэтым вінаватае. Мне падаецца, што яно няправільнае. Народ адчувае: ня так штосьці з нашай эканомікай, таму й купляе даляры. Бачыце, рубель наш ад лета ў адносінах да даляра дзесьці на 500 рублікаў упаў. Вось людзі й рэагуюць. Я згадваю 2002, 2003, 2004 гады, калі рубель наш стаяў стабільна, і ніхто тады асабліва й ня дрыгаўся. У каго ёсьць нейкія ашчаджэньні, той імкнецца іх трымаць у цьвёрдай валюце».
Народ адчувае: ня так штосьці з нашай эканомікай, таму й купляе даляры

Пэнсіянэр Віктар прыйшоў сёньня з жонкай у філіял банку «Масква — Менск», што на вуліцы Савецкай, таксама купіць валюту:

«Зьбіраю ўнуку свайму на школу — у першую клясу пойдзе. Даляр ёсьць даляр. А беларускі рубель — за ім ня ўгонісься».

Суразмоўца кажа, што ўнук яго ня едзе вучыцца за мяжой — пойдзе ў звычайную гомельскую школу. І каб сабраць яго, патрэбны будзе не адзін мільён. Вось і ашчаджаюць дзядуля з бабуляй пакрысе на абноўку ўнуку й школьныя прылады. Сябе яны ніякім чынам не адчуваюць вінаватымі ў абясцэньваньні беларускага рубля:

«Абсалютна не адчуваю, што я вінаваты ў дэвальвацыі. Я ж не кірую дзяржавай. На мой погляд, толькі эканоміка вінаватая, што рубель наш скача, як заяц. У тым годзе памятаеце, што было? Два курсы даляра! Дзе, у якой краіне гэта ёсьць?»

На думку пэнсіянэра, Беларусь надзвычай слаба гандлюе з замежнымі краінамі, якія маюць валюту:

«Нашым таварам такога рынку, як італьянскі, нямецкі, францускі, няма. У нас які асноўны рынак збыту? Расея! А Расея, яна пастаянна перашкоды чыніць — то з цукрам, то з малаком, то са сьвінінай, то з каліем, то яшчэ зь нечым. Ну дык пра што гаворка? Абвінавачаньні абсалютна беспадстаўныя».

Спадарыня Ірына не выключае, што попыт насельніцтва на валюту таксама трымае ў напрузе фінансавую сыстэму краіны. Але людзям не застаецца выбару — аддаць свае ашчаджэньні «на зьядзеньне» інфляцыі ці зьберагчы іх, набыўшы цьвёрдую валюту:
Нас жыцьцё прымушае бегаць у гэтыя абменьнікі!

«А што ім застаецца рабіць — людзям? У каго грошы ёсьць, той купляе — выгадней валюту купляць».

Малады інжынэр Аляксей, апрача вышэйзгаданых прычынаў падзеньня нацыянальнай валюты, называе яшчэ й неабгрунтаванае падвышэньне заробкаў розным катэгорыям насельніцтва, у прыватнасьці, дзяржслужбоўцам, а таксама выдачу шматлікіх крэдытаў на самыя розныя патрэбы:

«Я думаю, што ня людзі ў гэтым вінаватыя. Тая колькасьць валюты, якую можа купіць народ, яна кантралюецца. І нельга валіць усё на людзей: вы скупілі даляры, таму мы кепска жывём. Гэта няправільна. Інфляцыя больш вінаватая. Эканамісты падлічылі, што калі ў краіне выдаюцца крэдыты пад велізарныя працэнты — прадаецца рубель, які не існуе, — то рубель такім чынам сам абясцэньваецца. Гэта ва ўсім сьвеце даўно вядома. Пустыя грошы! У нас выдаюцца крэдыты пад 90 адсоткаў гадавых, на будоўлю жытла — пад 50–64 адсоткі. Гэта нерэальныя крэдыты!»

Яшчэ больш катэгарычны ў сваіх ацэнках наконт абясцэньваньня рубля гамяльчук Пётар:

«Гэта не беларусы — гэта нашае кіраўніцтва вінаватае. Такое кіраваньне ў нас! Нас жыцьцё прымушае бегаць у гэтыя абменьнікі! Народ баіцца, што абясцэніцца наш беларускі рубель, як гэта ўжо было два гады таму».

Нагадаем, што 23 мая 2011 году нацыянальная валюта адносна даляра дэвальвавалася на 56,3 адсотка — з 3150 рублёў да 4930 рублёў.

Увосень адбылася чарговая дэвальвацыя. На 11 лістапада 2011 году афіцыйны курс даляра складаў блізу 8 850 рублёў. Падзеньне нацыянальнай валюты ад пачатку той вясны дасягнула амаль 290 адсоткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG