Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне Замаскварэцкага суду Масквы адправіць «вязьня Балотнай» Міхаіла Касенку на прымусовае лячэньне, расейскія грамадзкія актывісты расцанілі як вяртаньне карнай псыхіятрыі. За савецкім часам гэта быў адзін з мэтадаў барацьбы з не пажаданымі.

У 1977 годзе пры Маскоўскай Хэльсынкскай групе была створана рабочая камісія па расьсьледаваньні выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах. Адным зь яе арганізатараў стаў Вячаслаў Бахмін, які распавёў Радыё Свабода, у чым заключаюцца адрозьненьні і падабенства паміж практыкай савецкіх судоў і рашэньнем па справе Касенкі.

Радыё Свабоды. Ці можна казаць аб вяртаньні ў жыцьцё сучаснай Расеі такога паняцьця, як карная псыхіятрыя?

Бахмін: Пакуль, на шчасьце, гэта адзінкавы выпадак, які вельмі нагадвае тое, што адбывалася за савецкім часам, і па тым, як гэта было абстаўлена, і па тым, што ніхто не слухае незалежныя экспэртызы, спасылаюцца на тых экспэртаў, якія патрэбныя , слухаюць толькі меркаваньне пракурора, а абарона наагул не прымаецца ў разьлік. Сам па сабе гэты факт , вядома, вельмі моцна нагадвае тое, што было ў савецкія часы, але такіх прыкладаў, на шчасьце, цяпер пакуль ня так шмат. Я ня ведаю, ці стане гэта ў будучыні тэндэнцыяй, і тады можна будзе казаць аб вяртаньні карнай псыхіятрыі ва ўсім яе аб’ёме, але пакуль я думаю, што яшчэ параўноўваць з тым, што было ў Савецкім Саюзе, трошкі ранавата.

Радыё Свабода: За савецкім часам карная судовая псыхіятрыя ўжывалася як мэтад ўзьдзеяньня на савецкіх дысыдэнтаў.

Бахмін: Па-першае, у савецкі час ня толькі дысыдэнтаў саджалі ў псыхушкі. Дысыдэнты былі меншай часткай сярод насельнікаў такіх спэцпсыхбальніц. У большасьці гэта былі людзі, якія перашкаджалі уладам тым ці іншым спосабам. Нават калі чалавек проста скардзіўся на тое, што ў яго там няма гарачай вады, або на дрэннае мэдычнае абслугоўваньне, калі ён даставаў кагосьці гэтымі скаргамі, яго маглі пасадзіць у псыхіятрычную бальніцу. Вось толькі за тое, што ў яго ёсьць такая манія скаржніка, якому ўсё не падабаецца. Таму ня толькі дысыдэнты былі ахвярамі карнай псыхіятрыі ў той час. Проста больш увагі зьвярталі на іх, таму што там быў выразны палітычны складнік. Самі псыхіятры дзейнічалі пад некаторым кантролем і пад некаторым уплывам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, партыйных уладаў і гэтак далей.

Радыё Свабода: Міхаілу Касенку цяжка прыпісаць нейкія палітычныя амбіцыі ці нейкую палітычную актыўнасьць . Чаму прымусовае лячэньне вырашылі ўжыць менавіта да яго?

Бахмін: Сярод тых, хто наогул быў на Балотнай, далёка ня ўсе мелі нейкія палітычныя амбіцыі. Людзі прыйшлі проста па розных прычынах, але ў цэлым таму, што яны не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне, і хацелі нейкім чынам сваю нязгоду выказаць. Гэта натуральнае жаданьне любога грамадзяніна. І тыя, хто пры гэтым трапіў у абвінавачаны гэта шмат у чым была справа выпадку — каго апазналі, каго ўбачылі і каго хацелі пакараць паказальна, каб запалохаць іншых. Сярод іх апынуўся Касенка, які быў адным з такіх радавых, як я разумею, удзельнікаў, і яму шмат у чым проста не пашанцавала. Не пашанцавала яшчэ і таму, што ён быў псыхічна хворы нейкі час і знаходзіўся на ўліку ў псыхдыспансэры, і такім чынам прадстаўляў вельмі добрую мішэнь для таго, каб прызнаць яго шалёным і паказаць, што сярод тых, хто хадзіў на Балотную, былі і вар’яты, што наогул вельмі прывабна для ўлады. Каму ён канкрэтна перашкаджаў, я сказаць не магу, проста тут працавала машына, якая ня моцна разьбіралася ў дэталях, а проста перамолвала людзей, якія трапілі ў яе жорны , і ўсё.

Радыё Свабода: Амністыя, якая, магчыма, будзе ў адносінах да фігурантаў «балотнай справы», Міхаіла Касенку не закране. Замест гэтага будзе праводзіцца кожныя паўгода яго псыхіятрычны агляд. Ці можна разьлічваць на тое, што гэты агляд будзе адбывацца сумленна і з пункту гледжаньня мэдыцыны правільна?

Бахмін: Раней, вядома, галоўным паказчыкам выздараўленьня чалавека было поўнае прызнаньне сваёй віны, поўнае прызнаньне, што ён хворы, але цяпер яму стала лепш, і прызнаньне, увогуле, што ён ніколі нічога падобнага больш рабіць ня будзе. Звычайна стараліся, каб чалавек прабыў там ня менш, чым яму б далі ў зоне тэрмін. А так межаў знаходжаньня ў псыхбальніцы няма. Кожныя паўгода праходзіла экспэртыза, і такі цыкль мог працягвацца бясконца , пакуль чалавек не выздаравее. Што будзе цяпер, мне сказаць складана. Хутчэй за ўсё, пад амністыю ён не патрапіць, таму што яго нельга прызнаць вінаватым, ён не прызнаны вінаватым, ён прызнаны вар’ятам. А гэта значыць , што ніякая амністыя яму не пагражае. Іншая справа, што калі будзе палітычнае рашэньне, каб амністыю прымяніць да фігурантаў " балотнай справы", то такое ж палітычнае рашэньне можа закрануць і яго, і ён можа правесьці ў бальніцы значна менш часу, чым калі б такога рашэньня не было. Так што будзем спадзявацца, што амністыя ўсё ж будзе, і тады яго лёс таксама будзе некалькі зьмякчаны, мне здаецца.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG