Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Вольгі Класкоўскай зьвярнулася да каралевы Швэцыі


Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

Людміла Класкоўская, маці асуджанай у Швэцыі беларускі Вольгі Класкоўскай, зьвярнулася да каралевы Швэцыі з просьбай дапамагчы сваёй асуджанай дачцэ.

Як паведаміла БелаПАН Людміла Класкоўская, 9 кастрычніка яна наведала пасольства Швэцыі ў Менску і перадала ліст для каралевы, а таксама яго копію для часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі Марціна Обэргэ.

У лісьце яна падрабязна распавядае пра справу сваёй дачкі. У прыватнасьці, зьвяртае ўвагу на тое, што доказы Вользінай віны былі фальсыфікаваныя, паколькі былы муж Класкоўскай Гёкай Бэзгін, у замаху на забойства якога яе прызналі вінаватай, мае «асабістыя сувязі ў паліцэйскім участку, дзе вялося сьледзтва» .

У лісьце таксама падкрэсьліваецца, што з 13 лютага 2013 году Вольга Класкоўская ня бачыла і нічога ня ведае пра лёс свайго малалетняга сына Адама, якога швэдзкія сацыяльныя службы забралі і перадалі бацьку.

Класкоўская просіць каралеву Швэцыі «паўплываць на лёс» дачкі і «ня даць адбыцца беззаконьню» толькі на той падставе, што Вольга — ня швэдзкая падданая.

Людміла Класкоўская таксама паведаміла, што Вольга цяпер афіцыйна разьведзеная:

«У верасьні суд разьвёў яе з Бэзгінам. Ніякіх папер яна ўсё яшчэ не атрымала, пра развод ёй паведаміў адвакат. Пры гэтым, паводле яго слоў, у дакумэнтах аб разводзе, якія ён бачыў, няма ні слова пра тое, з кім застаецца іх сын Адам і дзе ён цяпер».

Некалькі гадоў таму Вольга Класкоўская атрымала статус палітычнага ўцекача ў Швэцыі ў сувязі з перасьледам на радзіме. У 2011 годзе яна вярнулася ў Беларусь, калі яе брата Аляксандра арыштавалі за ўдзел у Плошчы, але неўзабаве зноў зьехала ў Швэцыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара Гёкая Бэзгіна, а ў ліпені 2012 году нарадзіла сына Адама.

Дакумэнты на атрыманьне віду на жыхарства ў Швэцыі Вольга падавала двойчы: пасьля шлюбу і пасьля нараджэньня дзіцяці. У канцы студзеня 2013 годуа стала вядома, што ўлады Швэцыі адмовілі ёй у атрыманьні віду на жыхарства і пастанавілі яе дэпартаваць бяз права абскарджваньня. На пачатку лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швэцыі забралі ў Класкоўскай малалетняга хлопчыка ў сувязі з тым, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна нібыта ня ў стане забясьпечыць сыну нармальныя ўмовы пражываньня.

2 красавіка стала вядома, што Вольгу Класкоўскую затрымалі ў горадзе Ханінгу паводле падазрэньня ў замаху на забойства мужа і зьмясьцілі ў турму.

Дачка Вольгі ад першага шлюбу Міраслава па рашэньні швэдзкіх уладаў таксама падлягала дэпартацыі. У Швэцыю па дзяўчынку езьдзіла яе бабуля Людміла Класкоўская. Цяпер Міраслава ў Беларусі.

23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў Вольгу Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства мужа, Гёкая Бэзгіна. Вольгу асудзілі на восем гадоў турэмнага зьняволеньня, да таго ж яна мусіць выплаціць Бэзгіну грашовую кампэнсацыю — 110 тысяч швэдзкіх крон.
XS
SM
MD
LG