Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта не паказвалі па тэлевізары. Цяпер бы, напэўна, паказалі. І такое рашэньне было б не найлепшым. Апошнія словы перад пеклам усё адно застаюцца словамі — і здольныя ўвесьці некага ў зман.

«Божа, беражы Нямеччыну! Божа, будзь літасьцівы да маёй душы! Маё апошняе жаданьне — каб Нямеччына зноў была адзіная, каб узаемаразуменьне паміж Усходам і Захадам вяло да міру на Зямлі», — сказаў на эшафоце Рыбэнтроп, які і там уяўляў сябе вялікім дзяржаўным дзеячом.

«Гайль Гітлер!» — крыкнуў Юліюс Штрайхэр, калі на ягоную галаву ўжо быў накінуты мяшок. То бок: я не раскайваюся — і ідзіце вы ўсе ў газавую камэру.

«Вітаю цябе, Нямеччына!» — прамовіў з шыбеніцы Альфрэд Ёдль, якому вельмі хацелася выглядаць патрыётам, і нікім больш.

«Я прашу Госпада ўсемагутнага быць міласэрным да нямецкага народу. Больш за два мільёны нямецкіх салдат загінула перада мной за айчыну. У імя Нямеччыны я іду за маімі сынамі», — патэтычна выказаўся з таго самага месца Кайтэль, удаючы зь сябе «толькі салдата».

Альфрэд Розэнбэрг не сказаў ані слова. Магчыма, яму і праўда не было чаго сказаць. Нарэшце не было чаго.

«Удачы, Нямеччына!» — прыкладна ў такім духу сфармуляваў сваё зычэньне роднай зямлі аўстрыец Кальтэнбрунэр. Амаль што пажартаваў.

«Дзякуй за добрае абыходжаньне са мной і хай Бог прыме мяне з ласкай», — усьміхнуўся Ганс Франк. Ён наагул увесь час усьміхаўся. Адзіны сярод асуджаных.

«Няхай жыве Нямеччына!» — выгукнуў Вільгельм Фрык. Доўга рыхтаваўся, напэўна.

«Я паважаю амэрыканскіх жаўнераў і афіцэраў, але не амэрыканскую юстыцыю», — зазначыў зь пятлёй на шыі Заўкэль.

«Спадзяюся, гэтае пакараньне будзе апошнім актам у трагедыі другой сусьветнай вайны і што навукай гэтай вайны будзе тое, што паміж народамі будзе мір і паразуменьне. Я веру ў Нямеччыну», — такімі былі апошнія словы Зайса-Інкварта.

Герман Гёрынг маўчаў ужо другія суткі. Эшафота ён баяўся. Маўчалі і іншыя «героі эпохі». А вось цікава, што сказаў бы на шыбеніцы Гітлер? Якія словы знайшоў бы? І ці прасіў бы літасьці?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG