Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З хуткасьцю веры


Ян Павел ІІ быў чалавек харошы і сьветлы — і, як і кожнаму сьветламу і харошаму чалавеку, з аўтамабілямі яму ня надта шанцавала. Яшчэ ў маладосьці на радзіме яго зьбіў грузавік — і хто ведае, якой дарогай пайшла б каталіцкая царква, калі б на вуліцы жыцьця будучага Папы ў той дзень спыніўся рух.

Але Папа не здаваўся і працягваў мужна суіснаваць з транспартнымі сродкамі розных канструкцый і марак. Дзень 14 кастрычніка 1978 году падрыхтаваў яму новае, ня менш сур’ёзнае выпрабаваньне. Магчыма, гэта ўсяго толькі легенда — але ў кожнай казцы ёсьць доля праўды, а ў кожнай машыны свая душа. Часам даволі капрызьлівая.

Той раніцай у саборы італійскага гораду Палестрына кардынал Караль Вайтыла праводзіў імшу. Пасьля яе заканчэньня ён выйшаў з сабору і сеў у аўтамабіль. Кардынал сьпяшаўся на канкляў, дзе мусіў быць абраны новы Папа. Але машына не завялася нават зь некалькіх спробаў.

«Хай будзе пракляты той дзень, калі я сеў за баранку гэтага пыласоса!» — мог бы сказаць кардынал Вайтыла. Але замест гэтага тэатральнага, але маларацыянальнага дзеяньня ён проста ўзяў і злавіў спадарожную машыну. Якая рванула зь месца і паляцела ўніз па горных дарогах. Міма стромых схілаў і д’ябальскіх расколін, па самым краі жудаснай прорвы. Спазьняцца было нельга. Лік ішоў на сэкунды.

Кіроўца аказаўся добрым католікам і адчайным авантурыстам. Паводле зьвестак з сакрэтных архіваў Ватыкану, ён праехаў 12 міляў за 17 хвілін і ўвесь гэты час забаўляў Папу пераказамі з Бакача.

Час праляцеў непрыкметна, кардынал трапіў на высокі сход своечасова, ніхто і слова не сказаў. А праз два дні канкляў абраў кардынала Вайтылу Папам.

Але і зрабіўшыся Янам Паўлам ІІ, Караль Вайтыла працягваў езьдзіць у аўтамабілях. 13 траўня 1981 ён стоячы размаўляў зь вернікамі ў сваім папамабілі, ня надта прэзэнтабэльным на выгляд белым «Фіяце Кампаньёла», на плошчы Сьвятога Пётры — калі Мэхмэд Алі Агджа пачаў сваю страляніну... Але Папа аказаўся мацнейшы за машыны і кулі. Хай бы так было з усімі сьветлымі людзьмі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG