Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Керымава задаволены перадачай «калійнай справы»


Сулейман Керымаў

Сулейман Керымаў

Абарона расейскага сэнатара і бізнэсоўца Сулеймана Керымава пазытыўна ацаніла перадачу беларускімі праваахоўнымі органамі ў Расею матэрыялаў па крымінальнай справе супраць кіраўніцтва «Ўралкалія».

«Усё гэта адбываецца ў рамках закону. Ня бачу ў гэтым ніякіх праблем», — цытуе Інтэрфакс адваката Керымава Анатоля Кучарэну.

4 кастрычніка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што з крымінальнай справы супраць дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра і іншых расейскіх топ-мэнэджэраў вылучаныя і перададзеныя ў Генпракуратуру Беларусі 19 тамоў матэрыялаў па факце прычыненьня шкоды інтарэсам Расеі.

У адпаведнасьці зь дзейнымі дамоўленасьцямі матэрыялы перададзеныя кампэтэнтным органам юстыцыі Расеі для правядзеньня расьсьледаваньня і вызначэньня шкоды, нанесенай Расеі.

Раней Інтэрпол заблякаваў санкцыю на міжнародны вышук і затрыманьне саўладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава, які абвінавачваецца беларускімі ўладамі ў злоўжываньнях.

Генэральны сакратарыят Інтэрпола 2 верасьня атрымаў паведамленьне ад беларускіх уладаў з просьбай унесьці ў сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол, расейскага грамадзяніна Сулеймана Керымава.

2 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Керымаў абвінавачаны паводле крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асобаў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Была вынесеная пастанова аб ужываньні да яго меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту і абвяшчэньні яго ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.

Дзеяньні Керымава сьледзтва кваліфікавала як арганізацыю злоўжываньня ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Максымальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
XS
SM
MD
LG