Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урны з прахам Бязмацерных і Ілюшына вязуць у Беларусь


Кацярына Бязмацерных. Фота generation.by

Кацярына Бязмацерных. Фота generation.by

Дабрачынны рахунак, створаны, каб сабраць 3300 даляраў на перавоз урнаў з прахам Кацярыны Бязмацерных і Аляксея Ілюшына з Пакістану ў Беларусь, закрыты.

Як паведаміла сяброўка маці Аляксея Ілюшына Вераніка Трафімава, працэдура крэмацыі і дастаўкі урнаў ужо распачалася і сродкі на гэта сабраныя.

«Маці Аляксея Ірына Верхавых вырашыла, што тыя сродкі, якія будуць лішнімі, трэба пералічыць на іншыя дабрачынныя рахункі. Сёньня мы пойдзем у банк, даведаемся, якая сума была пералічана, а таксама паглядзім, каму патрэбная дапамога, і пералічым грошы дзеткам, якія чакаюць апэрацыі», — сказала Вераніка Трафімава.

Трагедыя ў Пакістане

Журналістка і падарожніца Кацярына Бязмацерных разам з мужам Аляксеем Ілюшыным аўтаспынам праехала Грузію, Армэнію, Іран.

Праз Пакістан яны кіраваліся ў Індыю, дзе хацелі вандраваць у гарах. Пасьля меліся ехаць у Інданэзію і Камбоджу.

29 верасьня машына, у якой яны ехалі, перакулілася і звалілася з абрыву. Здарылася гэта ў раёне гораду Гілгіт.

Кацярына і Аляксей загінулі — іх заваліла грузам. Іншыя людзі, якія знаходзіліся ў машыне, выжылі.

29 верасьня Кацярыне Бязмацерных споўнілася 26 гадоў.

Кацярына два гады таму скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў часопісе «Бярозка». Пісала падарожныя нататкі для «Нашай Нівы», Generation.by.
XS
SM
MD
LG