Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьнікла былая старшыня выбарчай камісіі


Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, у дачыненні да Ніны Шубінай, якая была старшынёй участковай камісіі № 52 Першамайскага раёну на мінулых выбарах, мусіла праводзіцца праверка наконт парушэньня выбарчага заканадаўства. Але сама спадарыня Шубіна бясьсьледна зьнікла.

З прычыны таго, што апытаць Ніну Шубіну немагчыма, праваабаронцу чарговы раз адмовілі ў тым, каб распачаць супраць яе крымінальную справу.

Павал Левінаў запатрабаваў прыцягнуць спадарыню Шубіну да крымінальнай адказнасьці адразу пасьля выбараў, бо лічыць былую старшыню вінаватай у фальшаваньні вынікаў галасаваньня, а таксама ў фальшаваньні пратаколу пасяджэньня камісіі.

«Спачатку мне адмовілі, але я абскардзіў гэтую адмову на той падставе, што праверка дзеяньняў старшыні ўчастковай камісіі № 52 была няоўнай. Такім чынам мне адмаўлялі некалькі разоў, і некалькі разоў я аспрэчваў гэтае рашэньне. Апошні раз я абскардзіў адмову з Першамайскага РАУС у гарадзкой пракуратуры. Пракурор Віцебску загадаў паўторна апытаць спадарыню Шубіну, і нават указаў, па якіх пытаньнях. Але гэта распараджэньне так і засталося нявыкананым, бо Ніну Шубіну міліцыя не знайшла», — кажа праваабаронца.

Як стала вядома Паўлу Левінаву, былую старшыню шукалі і па месцы працы, і па месцы жыхарства:

«Ніна Шубіна працуе намесьнікам дырэктара ААТ „Малако“ па кадрах і ідэалягічнай працы. На прадпрыемства ААТ „Малако“ міліцыю запэўнілі, што Ніна Шубіна была ў адпачынку да 26 верасьня, але дагэтуль на працоўным месцы яе няма, і дзе яна цяпер, ніхто не ведае. Але, паводле афіцыйных зьвестак на сайце прадпрыемства, яна па-ранейшаму займае былую пасаду. Суседзі таксама ня бачылі гэтую сям’ю ўжо каля двух месяцаў — ні саму спадарыню Шубіну, ні яе мужа.»

Атрымаўшы чарговую адмову распачаць крымінальную справу за парушэньне выбарчага заканадаўства з прычыны немагчымасці правесьці праверку, праваабаронца напісаў заяву ў абласную ўправу МУС пра зьнікненне чалавека. Левінаў не выключае, што гэтае «таямнічае зьнікненьне» можа стацца добрай падставай, каб замоўчаць факты парушэньня ўвогуле. Таму пра сытуацыю ў Віцебску ён таксама праінфармаваў і Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.
XS
SM
MD
LG