Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б Нобэль чытаў беларускі інтэрнэт


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Неяк у канцы 1990-х адзін малады немец запытаўся ў мяне: «А навошта вы спрабуеце адрадзіць беларускую мову?». Я аслупянеў.

Адказаў прыблізна ў тым сэнсе, а чаму не? Працягу размовы не было, павісла трохкроп’е. Але цягам наступных дзесяці гадоў менавіта ад немцаў я ў той ці іншай форме яшчэ некалькі разоў чуў пытаньне.

Я ў прынцыпе сам пачаў здагадвацца, пакуль знаёмыя адкрытым тэкстам не патлумачылі: псыхалягічная траўма грамадзтва ад нацызму настолькі вялікая, што любое варушэньне ў кірунку нацыянальнага ў Нямеччыне аўтаматычна ўспрымаецца з асьцярогай.

Колькі я ні глядзеў і ні чытаў замежных журналісцкіх ці дакумэнтальных матэрыялаў пра сучасную Беларусь, практычна нідзе ня бачыў акцэнту на нацыянальнай самасьвядомасьці. Як яе адсутнасьці, гэтак і працэсаў яе разьвіцьця. Ну хіба часам ва ўкраінцаў і палякаў, якія гістарычна «ў тэме», і разумеюць нюансы.

Збольшага Беларусь прэзэнтуюць як вычварны постсавок, дзе парушаюцца фундамэнтальныя правы чалавека. Цяжка не пагадзіцца пра эстэтыку постсаўка, а пра правы чалавека пагатоў.

Я запытаўся ў знаёмых беларускіх праваабаронцаў: чаму тэма беларускай мовы не разглядаецца з пункту гледжаньня правоў чалавека? Ёсьць жа афіцыйныя дакумэнты, напрыклад, вынікі перапісу насельніцтва. Калі ў дадзеным раёне 20% за актыўнае разьвіцьцё беларускай мовы, то дзе адпаведная колькасьць навучальных установаў, назваў на цэтліках і цэньніках, ды іншых інфармацыйных публічных пляцоўках?

Мне адказалі, што на міжнародным узроўні пытаньне ў кампэтэнцыі Камітэту правоў чалавека ААН, але туды рэдка хто піша.

Фармальны бок фармальным бокам, але ж інфармацыйнае забесьпячэньне ад фармальнасьцяў не залежыць.

А неўзабаве я паехаў у Капэнгаген на запрашэньне дацкага Хэльсынскага камітэту. Я рабіў прамову-прэзэнтацыю на тэму грамадзтва і культуры ў Беларусі. Дацкія праваабаронцы ўважліва выслухалі, а пасьля адзін асьцярожна запытаўся, ці няма ва ўсім гэтым нацыяналізму?

Я адказаў, што безумоўна ёсьць культурны нацыяналізм як абарончая рэакцыя на ўшчымленьне нацыянальных культурных правоў: на ўжываньне нацыянальнай мовы, распаўсюд гістарычнай і культурнай прадукцыі, і самае галоўнае — нацыянальнай адукацыі.

Ізноў у размове ўзьнікла трохкроп’е.

Магчыма, таму, што датчане ня ведаюць, як гэта — усю гісторыю быць на перадавой лініі вайны цывілізацый. А можа з праваабаронцамі трэба было ўжыць іншае слова замест «нацыяналізм» (якое мае некалькі дзясяткаў прачытаньняў, апроч вядомага нам з БССР дыскрымінацыйнага значэньня).

А магчыма, папросту няма ніякага беларускага нацыяналізму ў грамадзкім дзеяньні.

Нацыяналізм узьнікае як рэакцыя на зьнешні фактар. А ў Беларусі ўсе збольшага разумеюць, што мы адзін народ. Ці патэнцыйна адзін.

Таму людзі, якія ўважаюць сябе беларускімі культурнымі нацыяналістамі, робяць стаўку на асьветніцкую працу, а не на канфлікт зь іншай нацыянальнай (моўнай) супольнасьцю.

Праўда, ніхто ня ведае, дзе тая мяжа, калі лепш змаўчаць, не заўважыць дыскрымінацыю тваёй беларускай мовы, аджартавацца ўрэшце. У спадзеве, што твой апанэнт — «цёмны глухі, быццам крот», і што трэба проста пачакаць, папрацаваць, расплюшчыць яму вочы, даць шанец убачыць сьвятло ў канцы бясконцага беларускага нацыянальнага тунэлю.

А дзе варта трубіць у трубы, зьвяртацца са скаргамі ў камітэты правоў чалавека, пісаць заявы ў суд, выходзіць на пікет.

***

Наўрад ці я б змог за гадзіну-дзьве пасьля выступу ў дацкім Хэльсынскім камітэце распавесьці пра ўсе хітраспляценьні, нюансы і нявызначанасьці беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці.

У Беларусі амаль нічога ня робіцца на экспарт, ані кнігі, ані кіно, празь якія адукаваны прасунуты заходні эўрапеец захапіўся б новым адкрыцьцём. Як у сучаснай усходнеэўрапейскай краіне высьпявае моц духу, пошук новага свайго, як людзі, нібы археолягі, выкопваюць самі сябе з накінутых ім зьверху культурных і антыкультурных слаёў.

Магчыма, нічога ня робіцца на экспарт таму, што мы яшчэ самі сабе адказваем на пытаньні. Кожны год да беларусацэнтрычнай супольнасьці далучаюцца новыя людзі, якія робяць адкрыцьці, і задаюць пытаньні, якія хтосьці перажыў даўным-даўно, і ў якіх ня бачыць для сябе нічога новага.

Таму для зьнешняга сьвету мы застаёмся нябачнымі пад трэшавай эстэтыкай позьняга саўка. І цікавыя менавіта гэтым самым трэшам.

Такія важныя для нас кавалачкі эўрапейскасьці як, напрыклад, аднаўленьне старой — эўрапейскай — архітэктуры, для замежнікаў з Эўропы нецікавыя, бо там усё так выглядае, а прыцягвае менавіта савок, чытай — выродзтва. Такі сабе цырк, які быў папулярны ў Эўропе да эпохі правоў чалавека, калі публіцы прадавалі на кірмашах і карнавалах выродзтва чалавечага цела: двухгаловых дзяцей, мужыкоў з цыцкамі, карлікаў і веліканаў...

У нашым выпадку — гэта выродзтва чалавечай сьвядомасьці.

У дыскусіі пра беларусаў як прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію Anton Taras піша:

— Нам важна, каб твор належаў да беларускай культуры, але таксама кожны вялікі твор цяпер мусіць мець унівэрсальнае, глябальнае значэньне, інакш грош яму цана.

Я б хацеў, каб эўрапейскіх (і ня толькі) прасунутых інтэлектуалаў прываблівалі іншыя прадукты дзейнасьці беларускай сьвядомасьці. Тыя, што нараджаюцца насуперак трэшу і хорару. Уласна самі гісторыі ўнутранай работы людзей па стварэньні хараства насуперак бруду.

Куды ўжо больш унівэрсальна і да таго ж з унікальнай фактурай.

Але пакуль у Беларусі ўнутры ня высьпее ясны вобраз самой сябе, на тым баку зразумелымі і паважанымі будуць савецкія і пост савецкія візіі, як маркер праблемаў рэгіёна.

І трэба быць гатовымі да пастаянных трохкроп’яў у размовах. Мне цяжка ўявіць, як бы ўспрыняў Альфрэд Нобэль споведзі людзей з праекту «Як я стаў беларусам». Цешыць тое, што некаторыя ягоныя суайчыньнікі сёньня пытаньняў кшталту «А навошта вы спрабуеце адрадзіць беларускую мову?» ўжо не задаюць.

А самі пачынаюць гаварыць па-беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG