Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сланцавыя нафта і газ: не здабудзем, дык хоць Расею папалохаем


Вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» агучыла пляны стварыць сумеснае прадпрыемства з брытанскай кампаніяй Toros.

Дэкляраваная мэта — пошук і распрацоўка сланцавых газу і нафты ў паўднёвай частцы Беларусі. Мяркуецца, што пасьля рэгістрацыі СП ліцэнзія на распрацоўку ўчастка для выведкі будзе атрыманая ў першым квартале 2014 году. Між тым некаторыя экспэрты называюць падобныя намеры піяр-акцыяй, закліканай трымаць у «тонусе» Расею — маўляў, калі Масква захоча перайсьці на рынкавыя кошты ў гандлі энэргарэсурсамі, можна будзе прадэманстраваць «сланцавы контраргумэнт».

У прэсавай службе дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуснафта» з офісам у Гомелі паведамілі, што экспэрты зь Вялікай Брытаніі наведалі абласны цэнтар і па выніках перамоваў было прынятае рашэньне аб роўнай долі бакоў у сумесным праекце. Прычым гэта тычыцца ня толькі падзелу меркаваных прыбыткаў, але і бягучых выдаткаў на геалягічную і сэйсьмічную выведку.

Вызначана, што нетрадыцыйныя вуглевадароды будуць шукаць на тэрыторыі больш за паўтысячы квадратных кілямэтраў у межах Залатухінскага і Паўднёва-Асташкавіцкага радовішчаў у Прыпяцкім нафтагазаносным басэйне на Гомельшчыне.

Праекты ў рамках «сланцавай рэвалюцыі» ў шэрагу постсавецкіх краін перадусім разглядаюцца як спосаб адыходу ад расейскай залежнасьці пры імпарце энэрганосьбітаў. Падчас пэрманэнтнага абвастрэньня адносінаў з Крамлём Аляксандар Лукашэнка таксама згадвае пра дывэрсыфікацыю паставак, патрабуючы пазбавіцца ад манаполіі расейскіх кампаній. Ці можа праект па здабычы сланцавай сыравіны стаць альтэрнатывай нафтагазавым пастаўкам з Расеі? Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех перакананы: комплексную праграму энэргетычнай бясьпекі краіны трэба было распрацоўваць яшчэ два дзясяткі гадоў таму. Але замест гэтага ўлады кідаюцца з боку ў бок — ад танкерных паставак нафты з Вэнэсуэлы да спробы нешта шукаць у нетрах:

Аляксандар Мех
Аляксандар Мех
«Наконт таго, ці можна там нешта знайсьці альбо пошукі будуць марнымі, — гэта, у першую чаргу, пытаньне да геолягаў, да геолягавыведкі. Цалкам магчыма, што нейкія пэрспэктывы ў гэтай галіне ёсьць. Але, як паказвае практыка, любая сур’ёзная справа, якая агучваецца ў нашай краіне цяперашнімі ўладамі, практычна ніколі да лягічнага канца не даходзіць. Таму, на маю думку, такія заявы — гэта нейкі чарговы дэкляратыўны намер, нейкі палітычны шантаж, ня болей за тое. Відавочна, пакуль гэта толькі гульня, у тым ліку ў піку Расеі. Бо калі б дзяржава ўсур’ёз займалася праблемамі ў энэргетычнай сфэры, шмат пытаньняў было б вырашана значна раней».

Тым часам пошукі сланцавага газу распачаліся і ў суседніх зь Беларусьсю Польшчы і Ўкраіне. Згодна з ацэнкамі Дзяржаўнага геалягічнага інстытуту Польшчы, запасы сланцавага газу тут перавышаюць 5 трыльёнаў кубамэтраў. Пры штогадовай патрэбе на ўзроўні 15 мільярдаў кубамэтраў радовішчы забясьпечаць сыравінную незалежнасьць палякаў на шмат дзесяцігодзьдзяў. Пра істотныя паклады сланцавага газу гавораць і ва Ўкраіне, дзе таксама вядзецца падрыхтоўка радовішчаў. Пры гэтым галоўным арыенцірам плённасьці сланцавага кірунку застаюцца ЗША, дзе летась здабыта 260 мільярдаў кубамэтраў сланцавага газу і ў агляднай пэрспэктыве гэты паказьнік можа падвоіцца. Аднак, на думку Аляксандра Меха, наўрад ці выпадае параўноўваць сур’ёзныя падыходы і «дэклярацыі аб намерах»:

«Справа ў тым, што ў Польшчы ёсьць месцы, дзе радовішчы рэальна
Пакуль што гэта збольшага піяр-акцыя, накіраваная на тое, каб зьвярнуць увагу Расеі
разьведаныя, навукова даказана, што там залягаюць сапраўды значныя запасы вуглевадародаў. Таму, безумоўна, Польшча, каб пазбавіцца татальнай залежнасьці ад расейскага газу, будзе яго шукаць і здабываць. У іх намер вельмі сур’ёзны. Але тут розьніца ў тым, што паміж намерамі, паміж агучваньнем ідэяў і іх увасабленьнем у жыцьцё — цэлая бездань. Найперш, патрэбныя спэцыялісты, па-другое — воля. Ні таго, ні другога ў Беларусі няма. Пакуль што гэта збольшага піяр-акцыя, накіраваная на тое, каб зьвярнуць увагу Расеі — маўляў, ня будзеце даваць па таннай цане, абыдземся сваімі сіламі. Але, наколькі я зразумеў, Масква на такога кшталту піяр ужо проста не зьвяртае ўвагі».

Тэхналёгія здабычы сланцавай сыравіны мае вялікую колькасьць праціўнікаў — перадусім сярод эколягаў і «зялёных». У выніку сьвідраваньня і гідраразрываў утвараюцца падземныя пустоты, ад якіх паверхня зямлі правальваецца і дэфармуецца. Апроч таго, існуе высокая верагоднасьць забруджваньня грунтовых водаў, што наўпрост пагражае жывой прыродзе. Таму, перакананы адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў, рэалізацыя такога маштабнага праекту вымагае ня толькі пільнай тэхналягічнай экспэртызы, але і шырокага грамадзкага абмеркаваньня:

Юры Глушакоў
Юры Глушакоў
«Калі з гэтай нагоды эколягі турбуюцца ва ўсім сьвеце, то, мабыць, не без падставаў. На самой справе ўсё, што тычыцца нетраў нашай матулі-зямлі, трэба рабіць вельмі ўдумліва і асьцярожна. Хацеў бы сказаць і пра іншае: здабыча сланцавых выкапняў — вельмі спрэчнае пытаньне нават з эканамічнага гледзішча. Ёсьць падлікі, што гэта ня вельмі танна, і ў кожным выпадку трэба добра разьлічваць якраз эканамічны складнік. Таму яшчэ пытаньне, наколькі гэта сапраўды будзе карысна для народнай гаспадаркі, ня кажучы пра пагрозу прыродзе. У любым выпадку неабходна зладзіць грамадзкія слуханьні, грамадзкую экспэртызу ў адпаведнасьці з Орхускай канвэнцыяй, якую Беларусь ратыфікавала і прэзыдэнт падпісаў таксама. То бок абавязковая ўмова — грамадзкае абмеркаваньне з далучэньнем незалежных экспэртаў, незалежных эколягаў. Каб расставіць усе кропкі над „і“ і ўжо тады казаць — карысна гэта ці не, шкодна ці нават небясьпечна. Гэта галоўная ўмова. Каб не было ніякіх спрэчных момантаў, трэба ўсебакова гэтую справу разглядаць».

Пакуль няма нават тэарэтычных разьлікаў, якія аб’ёмы сланцавых газу і нафты могуць хавацца ў беларускіх нетрах. Дый увогуле ці ёсьць запасы ў аб’ёмах, якія б маглі зацікавіць інвэстараў. Прадстаўнікі «Беларуснафты» абмяжоўваюцца заявамі, што толькі ў выпадку атрыманьня на пілётным участку першых у гісторыі Беларусі сланцавых нафты і газу можна будзе ацэньваць пэрспэктывы іх здабычы ў цэлым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG