Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малала Юсуфзай: Журналіст Бі-Бі-Сі прасіў, каб нехта з нашых вучняў пачаў пісаць блог


Малала Юсуфзай з Пакістану стала сымбалем змаганьня за роўныя правы дзяўчатак на адукацыю ў грамадзтвах, у якіх традыцыя вызначае жанчыне другарадную ролю ў публічным жыцьці.

Малала Юсуфзаі з 11 гадоў вяла блог для брытанскай мэдыйнай карпарацыі Бі-Бі-Сі, распавядаючы аб становішчы яе аднагодкаў і бацькоў, якія жывуць у пакістанскім рэгіёне Сват.

У 2012 годзе па Малале, якая вярталася са школы, стралялі талібы і сур’ёзна яе паранілі. Жыцьцё дзяўчынцы ўратавалі лекары ў Вялікабрытаніі. Кошты яе лекаваньня аплаціў урад Пакістану.

Малала, якой цяпер 16 гадоў, працягвае вучобу ў Бірмінгеме, куды пераехала разам зь сям’ёй у сувязі з доўгім лекаваньнем і некалькімі апэрацыямі пасьля раненьня.

Малала Юсуфзай лічыцца галоўнай кандыдаткай на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію міру.



У інтэрвію Радыё Свабода Малала Юсуфзай дзеліцца сваімі думкам пра рэакцыі яе суродзічаў на яе статус сусьветна вядомай змагаркі за правы чалавека для жанчын.

РС: У Пакістане некаторыя людзі сьцьвярджаюць, што гэта ня вы пісалі блог на мове урду, які паставіў вас у цэнтар сусьветнай увагі. Як бы вы адказалі на такія закіды?

Юсуфзай: Студзень 2009 году быў самым небясьпечным часам у даліне Сват. Кожную ноч талібы забівалі двух-трох чалавек на Зялёнай плошчы ў цэнтры Мінгоры. Аднойчы ў той час бацька сказаў мне, што журналіст Бі-Бі-Сі прасіў яго, каб нехта з нашых вучняў пачаў пісаць блог. Ён спытаў мяне, ці хацела б зрабіць гэта я. Я адказала: «Вядома, я зраблю гэта, таму што гэта добрая нагода, каб распавесьці сьвету, што думаюць людзі ў Сваце, у тым ліку дзеці і, у прыватнасьці, дзяўчаткі». Я была вельмі шчасьлівая і сказала бацьку, што буду пісаць гэты блог і надыктоўваць яго па тэлефоне.

РС: Некаторыя пакістанцы ня вераць, што па вас стралялі талібы, і публічна сьцьвярджаюць, што вы гэта выдумалі. Што вы думаеце пра такія выказваньні?

Юсуфзай: Людзям, якія кажуць такія рэчы, трэба выбачаць. У нашай краіне пануе пачуцьцё крайняй безнадзейнасьці, людзі нават расчараваліся ў палітыках. Я хачу адзначыць, што гэта ня важна, стралялі па Малале ці не — Малала не імкнецца атрымаць нейкую асабістую карысьць і ня просіць падтрымкі для сябе. Яна просіць падтрымкі для адукацыі дзяўчатак і правоў для жанчын. Так што не падтрымлівайце Малалу, падтрымайце яе кампанію за адукацыю для дзяўчатак і за правы для жанчын.

РС: Некаторыя імамы ў Пакістане кажуць, што вамі маніпулюе Захад у сваіх мэтах і што ваша зьяўленьне — частка змовы супраць краіны. Ці ёсьць у гэтых сьцьвярджэньнях хоць каліва праўды?

Юсуфзай: Любыя размовы аб маім удзеле ў змове супраць Пакістану цалкам беспадстаўныя. Пакістан і безь мяне знаходзіцца ў цэнтры шматлікіх змоваў. Сытуацыя пагаршаецца ўжо доўгі час. Няма дня, каб мы ня чулі аб расстрэлах людзей у Карачы. Няма дня, каб мы ня чулі аб забойствах. Я хачу, каб людзі памяталі, што Пакістан — мая краіна. Гэта як мая мама, якую я моцна люблю. Нават калі людзі ў Пакістане ненавідзяць мяне, я ўсё роўна люблю гэтую краіну.

РС: Аднан Рашыд, камандзір пакістанскіх талібаў, нядаўна напісаў адкрыты ліст да вас. Ён сьцьвярджае, што ваша кампанія накіраваная не на падтрымку адукацыі, а супраць талібаў. Што вы на гэта скажаце?

Юсуфзай: Ён мае права выказваць свае погляды, як яму падабаецца. Я думаю, што я маю права жыць сваім жыцьцём так, як мне падабаецца. Я не вяла прапаганды супраць талібаў, я казала толькі пра правы дзяўчатак на адукацыю, а талібы забаранілі дзяўчаткам наведваць школу. Так што я супраць некаторых рэчаў, якія робяць і за якія выступаюць талібы. Безумоўна, я супраць забароны адукацыі для дзяцей. Я выступаю за тое, каб кожная дзяўчынка магла хадзіць у школу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG