Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Знаткевіч пра мову і мясных сабак


Гай Дойчэр, «Праз моўнае люстэрка: чаму сьвет выглядае па-рознаму ў розных мовах» (Guy Deutscher, «Through the Language Glass: Why the World Looks Different in Other Languages»)

Калі я пачаў чытаць уступ да гэтай кніжкі, на некалькі хвілін адчуў зайздрасьць — падумалася: чаму ж я сам некалі за такое ня ўзяўся? Заўжды ж цікавіўся моўнымі падзеламі часам малапрыдатнага для дзяленьня сьвету, і тым, як яны часта не супадаюць у розных мовах.

Гай Дойчэр
Гай Дойчэр
Але ізраільскі лінгвіст Гай Дойчэр, які цяпер выкладае ва Ўнівэрсытэце Манчэстэру, у сваёй кнізе прапануе болей за рэчы, вядомыя больш-менш удумліваму перакладчыку. Ён ня проста разбурае ілюзіі тых, хто бачыць сьвет як унівэрсальны набор аб’ектаў, ідэяў і дзеяньняў, на якія ў розных мовах проста лепяць розныя этыкеткі.

Наймацнейшы бок гэтай кнігі — сыстэмна пададзеныя экспэрымэнты апошніх гадоў, якія даводзяць уплыў мовы на ўспрыманьне колеру і на прасторавую арыентацыю. Уплыў не вырашальны, але дастаткова адчувальны, каб навукоўцы маглі яго «злавіць».

Да прыкладу, у адным з экспэрымэнтаў хуткасьць вызначэньня квадрата, адрознага па колеры ад астатніх, залежала ня толькі ад аб’ектыўнай розьніцы ў колеравым спэктры, але і ад таго, ці ёсьць у роднай мове ўдзельнікаў экспэрымэнту падзел на «сіні» і «блакітны».

Ілюстрацыя да экспэрымэнту з кнігі «Праз моўнае люстэрка: чаму сьвет выглядае па-рознаму ў розных мовах». Аўтар - ізраільскі лінгвіст Гай Дойчэр.
Ілюстрацыя да экспэрымэнту з кнігі «Праз моўнае люстэрка: чаму сьвет выглядае па-рознаму ў розных мовах». Аўтар - ізраільскі лінгвіст Гай Дойчэр.
Але вынікі з колерамі, як і ўплыў граматычнага роду на ацэнку прадметаў — іншая сфэра экспэрымэнтаў, апісаных у кнізе — прынамсі інтуіцыйна прадказальныя. Больш драматычнымі падаліся экспэрымэнты з носьбітамі моваў, дзе выкарыстоўваецца толькі геацэнтрычная сыстэма каардынат замест звычных нам «зьлева», «справа», «сьпераду» і «ззаду». У адным з такіх экспэрымэнтаў людзі па рознаму разьмяшчалі прадметы на сталах у двух сумежных пакоях, у залежнасьці ад сыстэмы каардынат сваёй мовы. Дойчэр даволі пераканаўча даводзіць, што ў гэтым выпадку можна казаць ня толькі пра карэляцыю, але і пра наўпроставую прычынную сувязь паміж мовай і звычкамі ў прасторавай арыентацыі.

Злачынства, пакараньне і «мясныя сабакі»

Цэлы разьдзел Дойчэр прысьвяціў крытыцы гіпотэзы «лінгвістычнай адноснасьці» Бэнджаміна Ўорфа, які на матэрыяле моваў амэрыканскіх індзейцаў спрабаваў давесьці вызначальны ўплыў мовы на розныя аспэкты чалавечага існаваньня, у тым ліку на ўспрыманьне часу.

Дойчэр відавочна лічыць, што менавіта зачараваньне, а потым расчараваньне Ўорфавымі ідэямі на нейкі час зрабіла саму думку пра ўплыў мовы на ўспрыманьне сьвету «ненавуковай» для лінгвістаў. Прыкладна як гараскопы сярод сучасных астраномаў. Адсюль і назва разьдзелу з алюзіяй на ангельскае «crying wolf» — «Crying Whorf».

Уорфу аўтар супрацьпастаўляе «прынцып Якабсона»: мовы адрозьніваюцца тым, што яны мусяць перадаваць, а ня тым, што яны могуць перадаваць. Падыход слушны, і для кнігі ён працуе выдатна. Але мне падалося, што аўтар нават перабраў у запале супраць Уорфа, каб яго не палічылі прыхільнікам «лінгвістычнай адноснасьці».

Напрыклад, Дойчэр іранічна піша: «Няўжо ж старажытныя бабілёнцы, якія выкарыстоўвалі адно слова (арнум) і для „злачынства“ і для „пакараньня“, не разумелі розьніцы? Калі так, чаму ж яны напісалі тысячы юрыдычных дакумэнтаў, кодэксаў законаў і судовых пратаколаў, каб дакладна вызначыць, якое канкрэтна пакараньне павінна прызначацца за якое злачынства?»

Нібыта ўсё правільна, але тут важна падкрэсьліць розьніцу паміж «здольнасьцю зразумець» і «разуменьнем паводле змоўчаньня». Для таго, каб нешта ня ўцяміць без дадатковых тлумачэньняў ці зразумець па-іншаму, дастаткова і «прынцыпу Якабсона».

Магчыма, старажытныя бабілёнцы выдатна адчувалі розьніцу паміж «злачынствам» і «пакараньнем». Магчыма, яны разумелі яе нават гэтак жа, як сучасныя эўрапейцы, мовы якіх мусяць праводзіць гэтае адрозьненьне. Магчыма, праблема была б толькі для старажытнабабілёнскага перакладчыка, які ўзяўся б за раман «Злачынства і пакараньне», а тамтэйшая публіка лёгка б зразумела такі тэкст — пад назвай, напрыклад, «Несправядлівы прыватны і справядлівы ўладны (ці боскі) арнум».

Але мне тут прыгадаўся іншы — прызнаю, не зусім паралельны і не зусім лінгвістычны — выпадак розьніцы ў культурных кодах. Унівэрсытэцкая аднагрупніца з Паўднёвай Карэі дзівілася: хіба можна не разумець, што «мясныя сабакі», якіх гадуюць для ежы, гэта зусім іншыя істоты, адрозныя ад хатніх гадаванцаў. Ну, прыблізна як сьвінкі звычайныя і марскія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG