Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дранько-Майсюк: Цэнзарамі сталі паслужлівыя пісьменьнікі


Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

«Узвысіцца над будзённасьцю» — гэткую мэту ставіў перад сабой Леанід Дранько-Майсюк у кнізе «Гаспода», якая выйшла пятнаццаць гадоў таму. Аднак з тае пары паэт не аддаліўся ад беларускай будзённасьці, а, наадварот, наблізіўся да яе. Сьведчаньнем таму — яго выдадзены зборнік «Цацачная крама» і нявыдадзены — «Вершы для Хомкі», які набывае папулярнасьць у сацыяльных сетках.

Пра беларускую будзённасьць — скарачэньне работнікаў ва ўстановах культуры, цэнзуру і праблемы вакол выдавецтва «Логвінаў» — мы гутарым з паэтам у «Вольнай студыі».

— Леанід, ужо даволі працяглы час ты публікуеш у фэйсбуку іранічныя сюжэтныя вершы пра сабаку Хомку, які трапляе ў розныя, знаёмыя і для людзей сытуацыі. Дзеля чаго табе спатрэбіўся гэткі рэдка сустраканы ў літаратуры, скажам так, «сабачы ракурс»?

— У мяне ёсьць кніга вясёлых вершаў «Цацачная крама», якая ўбачыла сьвет у 2008 годзе ў сэрыі «Бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў». І неяк, адказваючы на пытаньне, што гэта за кніга, я гаварыў пра весялосьць як пра наша нацыянальнае багацьце. А яшчэ гаварыў і аб тым, што ў кнізе «Цацачная крама» не высокая, а шырокая паэзія. Шырокая ў тым сэнсе, што яна ўсім зразумелая. Дарэчы, паэзія і павінна быць зразумелая, як і наогул мастацтва. Пасьля «Цацачнай крамы» жаданьне ствараць вясёлыя паэтычныя творы ня зьнікла. Вядома ж, гэтае жаданьне павінна было дачакацца нейкай новай апавядальнай формы. І я даволі доўга думаў пра яе, шукаў гэтую новую форму. І вось аднаго дня мая жонка Вольга пажартавала: «А што тут шукаць! Пішы пра Хомку!». А Хомка — гэта францускі бульдог! Радасьць нашай сям’і! Разумная, ласкавая, шляхетная істота! І я тады падумаў: людзі хлусяць, а сабакі — не! І з такога простага адкрыцьця і пачалі зьяўляцца яны — вершы для Хомкі. Напісалася цэлая кніга. І калі мне аўтару пашанцуе, то і яна ўбачыць сьвет. Гэтая кніга — працяг «Цацачнай крамы», і таксама ж яна зьяўляецца адлюстраваньнем той слаўнай традыцыі, згодна з якой весялосьць — таксама нацыянальнае багацьце беларусаў. Калі «Цацачная крама» тэатральная па сваёй сутнасьці, нават эстрадная (на эстраду яе вывеў Зьміцер Вайцюшкевіч), то кніга «Вершы для Хомкі» — больш набліжаная да жыцьця. Я называю яе вулічнай кнігай, бо амаль усе вершы складзеныя на вуліцы пад час маіх прагулянак з Хомкам. А яшчэ я называю гэтую кніжку газэтнай, бо першыя публікацыі яе вершаў зьявіліся ў «Народнай волі»; а яшчэ газэтная гэтая кніжка таму, што ці ня кожны яе верш заснаваны на зразумелым, даступным сюжэце. Вось такі «сабачы ракурс» апошніх маіх вершаў, якія ня лішнімі глядзяцца і ў фэйсбуку.

— Днямі ў кнігарні «Веды», што каля Купалаўскага тэатру, я пабачыў цэлую паліцу пад кніжнай сэрыяй выдавецкага дому «Звязда», гэта літаратурныя зборнікі: «Беларусь і Украіна», «Беларусь і Азэрбайджан», «Беларусь і Расея»... Аўтары там — толькі сябры чаргінцоўскага Саюзу пісьменьнікаў. І мне адразу ўспомніўся твой верш «Хомка і дзяржаўнае выдавецтва». Мы часта наракаем на цэнзуру і г.д. Як ты ставісься да таго, што гэта самае цэнзураваньне ўжо даўно робіцца рукамі нашых калегаў-пісьменьнікаў?

— Цэнзура была, ёсьць і будзе. Як і карупцыя, яна невынішчальная. Чаму невынішчальная? Ды таму што цэнзура — перш за ўсё праява чалавечага характару. Мы звыклі, што цэнзура — гэта дзяржаўны нагляд. Калі я працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», то мяне як рэдактара (і маіх калегаў,
Цэнзура была, ёсьць і будзе. Як і карупцыя, яна невынішчальная
вядома) часта выклікалі на вуліцу Урыцкага (цяпер гэта Гарадскі Вал) у цэнзурны камітэт, які мякка менаваўся Галоўлітам. І вось там, у гэтым Галоўліце, выкрэсьліваліся радкі, строфы і нават выкідваліся цэлыя вершы з кніжак Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Ніны Мацяш, Міколы Маляўкі, Алеся Пісьмянкова... Як гэта ні дзіўна, але найбольш пільнавалі чамусьці народнага паэта Пімена Панчанку! Пад забарону ішлі цэлыя кнігі — напрыклад, зборнік «Спадчына», у якім тагачасны дырэктар «Мастацкай літаратуры» Міхал Дубянецкі зьбіраўся надрукаваць п’есу Янкі Купалы «Тутэйшыя». Дык вось, такую звыклую форму цэнзуры — дзяржаўную — я добра ведаю яшчэ з брэжнеўскага часу. Яна існуе і сёньня, толькі крыху ў іншай апратцы. Ролю цэнзараў выконваюць паслухмяныя і паслужлівыя пісьменьнікі. І дзіва тут няма ніякага. Напрыклад, Шніп сядзіць у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» і не друкуе, скажам, паэзію Эдуарда Акуліна ці прозу Барыса Пятровіча. Не друкуе, бо ведае, каго трэба друкаваць! Служба ёсьць служба! Тое ж самае і з выдавецкім домам «Зьвязда». Там сядзіць свой Шніп! Аднак жа цэнзура ёсьць і ў недзяржаўных органах, бо — паўтаруся! — гэта праява чалавечага характару. Рэдактар прыватнага выданьня ці сайту — той жа цэнзар! Ягоная цэнзура, скажу так, карпаратыўная. Ён (хоць кожны дзень!) дае слова сваім, стварае рэкляму зноў жа сваім, ухвальна згадвае толькі сваіх! Чужых, якімі б таленавітымі яны ні былі, такі рэдактар не заўважае. Бо яны чужыя! Як ілюстрацыя да сказанага, згаданы верш «Хомка і дзяржаўнае выдавецтва»:

Напісаў Хама ўспаміны
Пра жыцьцё сваё і лёс,
Дзьве таўшчэзныя таміны
Ў выдавецтва ён занёс.

Добрай цешыцца адзнакай
Марыў, ды пачуў аднак:
«Ты — сабака? Так, сабака!
Толькі ты ня з тых сабак!

Ты ня з нашага Саюза
І ня з нашай чарады;
Ты ня лашчысься да пуза,
Што трымае павады!

Хочаш кніжкі мець і славу
Ты, француз ці беларус,
То пішы тады заяву,
Пераходзь у наш Саюз!

А ня хочаш, дык даволі!
Як скакаў, так і скачы!
Выдавецкай больш ніколі
Галавы не марачы!»

... Гэтак от сустрэлі Хому,
Нуль павагі да Хамы,
І Хама панёс дадому
Два вялізныя тамы.


— Ведаю, што табе часта даводзіцца выступаць у музэях, бібліятэках, якія і так ледзь ліпяць, асабліва ў рэгіёнах. Як адаб’ецца (ці не катастрафічна) на іх дзейнасьці нядаўна прынятая пастанова аб скарачэньні работнікаў установаў культуры да 30%?

— Спадзяюся, катастрофы ня будзе, хоць нічога добрага ў гэтым я ня бачу. Добра памятаю, як у Доме кнігі, на былым праспэкце Машэрава, бібліятэку выселілі ў цесныя пакойчыкі, што не павярнуцца ў іх было, а ўласна бібліятэчнае памяшканьне падзялілі на начальніцкія кабінэты. Памятаю, як бібліятэку Дому літаратараў агалілі да апошняй паліцы. Некалі ўтульнае памяшканьне
Ці мог уявіць народны пісьменьнік, што памінальны стол па ім будзе стаяць у зьнішчанай пісьменьніцкай бібліятэцы?!
ператварылі ў пустую залю! Тады якраз памёр народны пісьменьнік Беларусі Іван Якаўлевіч Навуменка, і менавіта ў той пустой зале паміналі яго, аўтара раману «Сасна пры дарозе». Ці мог уявіць народны пісьменьнік, што памінальны стол па ім будзе стаяць у зьнішчанай пісьменьніцкай бібліятэцы?! Наогул, доля бібліятэк і музэяў нешчасьлівая, бо заробкі бібліятэчных і музэйных работнікаў мізэрныя. А тут яшчэ гэтае скарачэньне. Не скарачаць трэба, а наадварот, павялічваць і колькасьць работнікаў, і колькасьць культурных аб’ектаў! Любое скарачэньне, асабліва ў сфэры культуры, зьява небясьпечная. Вельмі хочацца, каб на выкананьне гэтай пастановы забыліся. Музэйных работнікаў, як і бібліятэчных работнікаў, у нас вельмі мала, і за малыя грошы яны робяць вялікую выхаваўчую работу. Калі іх скарачаюць, то выходзіць, што — выхаваўчая работа не патрэбна?!

— Відаць, непатрэбная — з гледзішча Міністэства культуры. Яшчэ адна сумная навіна апошняга тыдня — у выдавецтва «Логвінаў» Міністэрства інфармацыі адбірае ліцэнзію — за выпуск нібыта экстрэмісцкай літаратуры. Адзін са слухачоў радыё напісаў у камэнтарах, што гэта «атамны ўдар па беларускім кнігавыданьні». А на тваю думку, што можа стаяць за гэтым рашэньнем уладаў?

— Сталася нешта вельмі прыкрае, для мяне асабіста незразумелае. Гэтая акцыя называецца «спыненьне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасьць». Можна сказаць, прыгожа гучыць. Ёсьць у гэтым гучаньні своеасаблівая «паэзія». Начальніцкая «паэзія»! Аднак жа я лічу, што ліцэнзію не адбяруць, пабаяцца. А калі адбяруць, то ненадоўга. Словам, згаданае выдавецтва як выпускала свае кнігі, так і будзе выпускаць. Магчыма, утворыцца нейкі перапынак у рабоце. У нашай краіне без такіх перапынкаў існаваць нельга. Проста нехта ўплывовы захацеў крыху прыстрашыць Ігара Логвінава і ягоных сяброў. Але, паўтаруся, такое выдавецтва не павінна застацца без ліцэнзіі.

— Каб жа спраўдзіліся твае словы... Толькі за апошні тыдзень я стаў шчасьлівым уладальнікам наступных выдатных кніг: «Ісьці на сьвятло лябірынтамі даўніх падзей» (гісторыка-літаратурны зборнік памяці Віталя Скалабана«), «Кніга зданяў» Андрэя Гуцава, «Анонс: квадрат тэкстаў» Юрася Пацюпы. Наклад першай — 200 асобнікаў, другой — 300, трэцяй — таксама 300. Куды падзеліся чытачы беларускіх кніг?

— Куды падзеліся... Ды нікуды! Чытачы нашы побач! Яны скрозь! І як заўсёды, яны па-ранейшаму — і шляхетныя, і ўдумлівыя. Проста чытачы знаходзяцца на зразумелых сацыяльных ростанях. Клопаты ціснуць, праблемы ўсялякія, з галавы не выходзіць усё тая ж штодзённая думка пра грошы, таму іншы раз добрая кніга, як сірата, застаецца збоку. Здараецца і так, на жаль, што на добрую кнігу няма часу нават і ў шляхетных людзей! А калі яшчэ ўлічыць, што на радыё, тэлебачаньні, у мэтро няма належнай рэклямы, а ў бібліятэкаў недастаткова сродкаў, каб закупіць літаратуру, то лёгка адказаць і на пытаньне: чаму малыя ў нас наклады! Аднак вельмі засмучацца ня варта, бо маем жа дастаткова прыкладаў, якія па-сапраўднаму цешаць сэрца. Усе гэтыя прыклады ў нашай гутарцы не пералічыш, і таму я скажу коратка: сапраўднае чытаюць. Напрыклад, прозу Кастуся Тарасава, Віктара Карамазава, Віктара Казько, Генрыха Далідовіча. Раман Леаніда Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам» таксама не забыты чытачамі. Спашлюся і на свой чытацкі вопыт. Я з задавальненьнем прачытаў «Русалачку» Алега Аблажэя, «Воўчую выспу» Кастуся Цьвіркі, «Грэх» Алеся Усені...

— На гэты год прыпала сярод іншых угодкаў 100-годзьдзе паэта Масея Сяднёва. Ніводнае выданьне — ні дзяржаўнае, ні незалежнае — належным чынам не адгукнулася на гэтую дату... Для паэта важна, каб яго імя гучала, ці ўсе могуць быць спакойныя, паколькі, як выказалася калісьці Марына Цьвятаева, «моим стихам, как драгоценным винам, настанет свой черёд»?

— Калі Масей Сяднёў у самым пачатку 1990-х зайшоў у выдавецтва «Мастацкая літаратура», ён мне адразу спадабаўся! У ягонай постаці было нешта няўлоўна сымпатычнае, непрыдуманае. І такая ж непрыдуманая ягоная творчасьць. Яна
Памятаю, як Васіль Хомчанка сказаў Сяднёву: «Як добра, Масей, што ў 1944-м ты ўцёк ад бальшавікоў! Жывы застаўся!».
вартая самай пільнай увагі. Памятаю, як Васіль Хомчанка сказаў Сяднёву: «Як добра, Масей, што ў 1944-м ты ўцёк ад бальшавікоў! Жывы застаўся!». Аднак жа, як бачна, сёньня паэта забылі. Такое бывае нават з геніямі. Спадзяюся, хоць са спазьненьнем, але ягонае стагодзьдзе нашымі кнігавыдаўцамі будзе адзначана... Так, для паэта важна, каб яго імя гучала! Я лічу: для паэта вялікі сэнс мае ўвага менавіта пры жыцьці! І ў гэтым сэнсе для нас, беларусаў, формула Цьвятаевай не прыдатная.

— І апошняе пытаньне. «А гамэрычны сьмех заўжды — найгеніяльнае мастацтва. Сьмяяцца трэба і тады, калі ня хочацца сьмяяцца», — прабач, што цытую цябе ў скароце, гэта радкі з «Кнігі для спадарыні Эл». Наша жыцьцё сапраўды дае столькі падставаў для сьмеху?

— Сапраўды, наша няпростае жыцьцё дастаткова сьмешнае! Сьмех можна здабыць літаральна на кожным кроку... Напрыклад, гляджу ў акно і бачу вясельны картэж, які, лямантуючы, рухаецца да менскай ратушы — бясконцыя белыя мэрседэсы, часам нават можна ўгледзець белую карэту, на якой каралеўскія лілеі. У карэту, вядома ж, запрэжаныя белыя коні. А жаніх і нявеста зь нейкіх Шабаноў, аднак жа адчуваюць сябе радзівіламі! Хіба гэта ня сьмешна?! Аднак жа дай ім Бог здароўя! Галоўнае, каб яны стварылі моцную сям’ю, нарадзілі здаровых дзетак і яшчэ да школы навучылі іх беларускай мове!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG