Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрэс павышае сьмяротнасьць


У людзей старэйшага ўзросту, якія перажылі больш чым дзьве сытуацыі моцнага стрэсу ў жыцьці — такія, прыкладам, як страта жыцьцёвага партнэра, сьмерць дзіцяці або зьмена месца жыхарства — рызыка сьмерці значна вышэйшая, чым у людзей зь меншай колькасьцю такіх падзей.

Да такой высновы дайшлі навукоўцы Ўнівэрсытэцкага мэдычнага цэнтру ў Амстэрдаме, якія дасьледавалі жыцьцёвыя лёсы амаль 2400 чалавек зь сярэднім узростам 62 гады на працягу 15 гадоў.

Стрэсавыя чыньнікі, які браліся пад увагу, уключалі: сур’ёзную хваробу дзіцяці; праблемы зь дзецьмі; сьмерць дзіцяці; праблемы з партнэрам; сьмерць партнэра; сьмерць сваяка; фінансавыя праблемы; сьмерць сябра; пераезд у новы дом; разрыў інтэнсіўных адносінаў.

Досьлед выявіў, што паказальнік сьмяротнасьці людзей, якія на працягу 15 гадоў не перажылі ніводнай са згаданых «стрэсагенных» сытуацый, істотна не адрозьніваўся ад паказальніка сьмяротнасьці тых, якія сутыкнуліся з адной ці дзьвюма стрэсавымі сытуацыямі. Але рызыка сьмяротнасьці павялічваецца на 29%, калі чалавек перажыў тры з вышэй згаданых стрэсавых сытуацый, і на 51% для тых, якія сутыкнуліся з болей чым трыма стрэсавымі падзеямі ў сваім жыцьці.

«Наяўнасьць трох ці больш стрэсавых падзей у жыцьці зьвязаная са значным павялічэньнем рызыкі сьмяротнасьці старэйшай папуляцыі ад усіх прычын, уключаючы сардэчна-сасудзістыя захворваньні і рак. Наша гіпотэза заключаецца ў тым, што калі псыхасацыяльны стрэс становіцца хранічнай зьявай, людзі мяняюць свой лад жыцьця, і гэта прыводзіць да разьвіцьця хранічных мэтабалічных захворваньняў, як атлусьценьне, цукровы дыябэт 2 тыпу і сардэчна-сасудзістыя хваробы. І з гэтымі захворваньнямі ў людзей павышаецца рызыка сьмерці» — пракамэнтавала вынікі досьледу адна зь яго ўдзельніц, доктар Фэмке Рутэрс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG