Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя ляўрэаты Нобэля 2013 у мэдыцыне і фізыялёгіі


Нобэлеўская прэмія 2013 па фізыялёгіі і мэдыцыне прысуджана навукоўцам з ЗША Джэймсу Ротману (Ельскі унівэрсытэт), Рэндзі Шэкману (Бэрклі) і Томасу Зюдофу (Стэнфардзкі ўнівэрсытэт) за адкрыцьці ў галіне мэханізмаў рэгуляцыі міжклеткавых узаемадзеяньняў, паведаміў у панядзелак Нобэлеўскі камітэт.

Варта адзначыць , што перад цырымоніяй букмэкеры і экспэрты называлі верагодных прэтэндэнтаў на ўзнагароду, аднак іх прагнозы не спраўдзіліся. У сьпісе фаварытаў былі навукоўцы, якія працуюць у галіне аутафагіі, эпігенэтыкі і малекулярных мэханізмаў рака.

У 2012 годзе ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі па фізыялёгіі і мэдыцыне сталі брытанец Джон Гердан і японец Сінья Яманака за дасьледаваньні магчымасьцяў камлёвых клетак.

Цырымонія ўзнагароджаньня прадстаўленых у панядзелак ляўрэатаў пройдзе па традыцыі 10 сьнежня ў Стакгольме ў дзень сьмерці заснавальніка Нобэлеўскай прэмій — швэдзкага прадпрымальніка і вынаходніка Альфрэда Нобэля.
У чацьвер стане вядома імя нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, у пятніцу — прэміі міру.


***
Адным з галоўных кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру зьяўляецца юная актывістка з Пакістану Малала Юсафзай.

Дырэктар Інстытуту дасьледаваньняў міру Крысьціян Берг Харпвікен заявіў, што Малала зьяўляецца фаварытам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру, адзначыўшы, што прысуджэньне ў 2012 годзе гэтай прэміі Эўразьвязу было ўспрынята неадназначна.

16-гадовая Малала ўжо атрымала шэраг прэстыжных міжнародных прэмій за дзейнасьць у падтрымку адукацыі для дзяўчынак. У кастрычніку 2012 года яна была цяжка параненая талібамі, пасьля чаго праходзіла лекаваньне ў Вялікабрытаніі.

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру сёлета, але яго шанцы букмекеры расцэньваюць досыць нізка — як 1 да 69.
XS
SM
MD
LG