Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі злодзеі ў законе працуюць супольна з прадстаўнікамі ўлады»


У падмаскоўным горадзе Балашыха невядомыя расстралялі беларускага прадпрымальніка. Наколькі небясьпечным бізнэсам зьяўляюцца пастаўкі беларускіх тавараў у Расею? Ці пагражае беларускай эканоміцы зьяўленьне крымінальнага расейскага бізнэсу і ягоных нораваў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае аглядальнік БелаПАН па крымінальнай тэме Віктар Федаровіч.

Цыганкоў: Наколькі небясьпечным ёсьць бізнэс паставак беларускіх тавараў у Расею? Вядома, маюцца на ўвазе не МАЗы і БелАЗы, буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, а пастаўкі, якія ажыцьцяўляюць беларускія малыя і сярэднія прадпрымальнікі. Наколькі крымінальны гэты рынак і як справы тут мяняліся апошнія гады?

Федаровіч: Калі коратка, то я назваў бы вельмі высокімі рызыкі вядзеньня бізнэсу ў Расеі. Да вяртаньня ў 90-ыя размова не ідзе, але расейская арганізаваная злачыннасьць ня проста прысутнічае, яны адкрыта пра сябе заяўляе. У адрозьненьні ад Беларусі ўся структура крымінальных супольнасьцяў захавалася, за кожным рэгіёнам «сочыць» свой злодзей у законе. Натуральна, усе гэтыя рызыкі нашы бізнэсоўцы павінны ўлічваць.

Цыганкоў: Якім чынам? Пазьбягаць пэўных сфэраў ці адкупляцца ад крымінальных аўтарытэтаў?

Федаровіч: Факт у тым, што крымінальныя супольнасьці ў Расеі «крышуюць» бізнэс на «сваёй» тэрыторыі. Гэта трэба ўлічваць, працаваць усьляпую для невялікіх прадпрымальнікаў — надта небясьпечна. Варта ўлічваць гэтыя нюансы,плюс стаўленьне расейскіх сілавых структураў да ўсіх неграмадзянаў Расеі.

Я размаўляў з адным беларускім кіроўцам грузавікоў. І ён распавёў, што ў Чалябінску бачыў шчыт, на якім напісана — пазваніце на гэтым тэлефоне, і ваш груз будзе суправаджацца па горадзе, і даедзе ў поўнай захаванасьці. То бок без такой паслугі ніхто не гарантуе, што груз не акажацца ў руках бандытаў.

Цыганкоў: У беларусаў міжволі ўзьнікае пытаньне — ці пагражае беларускай эканоміцы зьяўленьне крымінальнага расейскага бізнэсу і ягоных нораваў?

Федаровіч: Рызыкі тут сапраўды яшчэ больш высокія, бо трэба ўлічваць магчымасьці, сувязі расейскага крыміналітэту з органамі ўлады. Бо экспэрты не хаваюць, што тыя ж «злодзеі ў законе» «працуюць» супольна з прадстаўнікамі ўлады. І давайце ўявім, калі гэтыя людзі і норавы прыйдуць да нас.

Мне здаецца, ключавы момант, чаму Лукашэнка баіцца прыватызацыі — якраз у гэтым чыньніку. Натуральна, наш слабаразьвіты беларускі бізнэс павінен адчуваць гэтую пагрозу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG