Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пра канфлікт з «Уралкаліем»: На шыі Беларусі зацягваюць пятлю


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Палітвязень Мікалай Статкевіч выказаўся адносна канфлікту з «Уралкаліем». «Лісты палітвязьняў цэнзуруюцца паводле нявызначаных законам нормаў», — мяркуе жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Палітвязень Мікалай Статкевіч даслаў ліст, у якім падзяліўся думкамі адносна канфлікту «Беларуськалія» і «Ўралкалія» ды арышту ў Беларусі гендырэктара расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра. Выказваючы спачуваньне затрыманаму топ-мэнэджэру, Мікалай Статкевіч усё ж мяркуе, што ратаваць найперш трэба беларускія буйныя прадпрыемствы, на якія наступае расейскі капітал з дазволу вышэйшага расейскага кіраўніцтва. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч працытавала вытрымкі з ліста Мікалая Статкевіча.

«Напісаў дастаткова разгорнута і нават даў пэўны падзагаловак: „Пятля“. Учора пачуў, што кабмін Украіны зацьвердзіў праект дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Хоць іншага і не чакаў, але ўсё роўна парадаваўся за суседзяў. Але адначасова з гэтым усё больш трывожна за наш лёс. Калі раней Масква дэлікатнічала з намі, каб на нашым прыкладзе заманіць Украіну, то цяпер патрэба ў гэтым зьнікла, саромецца ня будуць. Нізашто не паверу, што гэты „калійны развод“ мог адбыцца без бласлаўленьня, калі не па камандзе Крамля. Мэта вядомая: абцяжарыць фінансавае становішча і прымусіць аддаць актывы. Сьпіс ужо агучаны. Дзеяньні Менска таксама зразумелыя: калі пятля на шыі зацягваецца, то трэба вырывацца, кусацца, скандаліць. Адначасова расейскім алігархам пасылаўся сыгнал, што валоданьне кантрольным пакетам тут не азначае валоданьне актывам. Каб пазбавіць іх ахвоты квапіць на нашы прадпрыемствы. Але ж Масква ведае ўсе такія хітрыкі, нават на скандал ісьці ня хоча. Душыць будзе з ветлівай усьмешкай, пад размовы аб вечным сяброўстве».

Марына Адамовіч атрымала з Магілёўскай управы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў адказ на скаргу на тое, што лісты Мікалая Статкевіча часта цэнзуруюцца больш за тры дні. Між тым паводле закону лісты тых, каго ўтрымліваюць пад вартай, нельга ўтрымліваць больш як тры дні. «У адказе сказана, што Статкевіч „асуджаны, а не ўтрымліваецца пад вартай“. Вось яны і лічаць, што таму ягоныя лісты можна затрымліваць на які заўгодна тэрмін», — мяркуе Марына Адамовіч. На думку Марыны Адамовіч гэта ёсьць грубым парушэньнем права вязьняў на перапіску. Марына Адамовіч зьбіраецца абскардзіць дзеяньні магілёўскіх турэмшчыкаў.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньне і ўтрымліваецца ў Магілёўскай крытай турме.
XS
SM
MD
LG