Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капрамонт хрушчовак: у год па паверсе


«Хрушчоўка» на рамонце

«Хрушчоўка» на рамонце

У Беларусі абвастраецца праблема рамонту гэтак званых «хрушчовак». Узьведзеныя паўстагоддзя таму панэльныя дамы часта ў занядбаным стане і патрабуюць неадкладнай рэканструкцыі. А грошай у бюджэце на гэта не стае, хоць плата на капітальны рамонт з жыхароў спаганялася рэгулярна на працягу многіх гадоў.

На Магілёўшчыне старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік прапануе жыхарам такіх дамоў дапамагаць у рамонце ўласнымі грашыма і ўдзелам у суботніках.

У Магілёве «хрушчовак» больш за дзьвесьце. Імі забудаваныя цэлыя жылыя масівы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, палова гэтых дамоў мае патрэбу ў капітальным рамонце. Жыльцы некаторых зь іх самі дамагліся, каб рамонт быў пачаты. Апавядае жыхарка адной з хрушчовак у мікрараёне «МІР-1»:

«Напакутаваліся мы. Дужа зацяжны рамонт — атрымліваецца трэці год. Непаладак дужа шмат было. Дамагаліся ўсяго. У Менск пісалі. Гэта ж такі клопат непатрэбны. Калі распачалі рамонт, значыцца, мы не павінны ваяваць. Усё павінна рабіцца паводле пляну, без вайны і траты нэрваў».
Аўральны рамонт

Аўральны рамонт


Да «хрушчовак», якія доўгі час рамантуюцца, цяпер нагнана мноства будаўнічай тэхнікі. Аўрал. Фарбуюць, тынкуюць. Усё перамешана. Двары, як тут кажуць, зваяваныя. Дамы рамантуюць без адсяленьня. Што значыць жыць у доме, рамонт якога расьцягваецца на некалькі гадоў, апавядае адзін з жыхароў:

«Лепш не пытайце пра тое. Гэта ўжо чатыры гады цягнецца. Сяджу цяпер як на вакзале. Адкосы зрабілі — патрэскаліся. Не магу ў доме нічога зрабіць. Хацеў пафарбаваць падлогу — не магу. Павесіць гардзіны не магу. Павешу — яны зноў прыйдуць напэцкаюць. Гэта жахліва проста. Грошы марнуюць бязь меры».

Будаўнікі заяўляюць, што працуюць сумленна, аднак прызнаюць, што рамонт «хрушчовак» — справа складаная і дарагая.

«Самае складанае, што гэтым дамам дужа шмат гадоў. Вось вокны мяняем, а тут панэль пасыпалася. І трэба гэта ўсё рамантаваць, умацоўваць. Бюджэт, зразумела, укладае свае грошы. Тут ідзе частка грошай насельніцтва і частка бюджэтных», — зазначае будаўнік.
«Хрушчоўка» адрамантаваная напалову. Бальконы ёсьць, уцяпленьня няма

«Хрушчоўка» адрамантаваная напалову. Бальконы ёсьць, уцяпленьня няма


Сёлета адрамантаваць зьбіраліся 60 магілёўскіх «хрушчовак». На гэта назьбірана з розных крыніц 70 мільярдаў рублёў. Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік заклікае людзей актыўней далучацца да рамонту сваіх дамоў і двароў пры іх, бо грошай на ўсё нестае:

«Калі фінансавых сродкаў будзе недастаткова, якія выдзелілі на капітальны рамонт, то я вітаю тых жыхароў, якія самі непасрэдна ў гэтай працы будуць браць удзел. Грошыкаў трошку сабралі, далей на суботніках паўдзельнічалі ды яшчэ ў нечым», — кажа Пётра Руднік.

У мікрараёне «МІР-1» ёсьць дамы ўжо адрамантаваныя, ёсьць тыя, рамонт якіх зроблены напалову — напрыклад, умацавалі толькі бальконы. Ёсьць дамы, якія яшчэ толькі чакаюць рамонту. Іх жыхары не разумеюць — чаму яны мусяць плаціць дадаткова:

Спадарыня: «Мы плацім, як і належыць, за тэхабслугоўваньне, капітальны рамонт штомесяц. А чаго наш дом не рамантуюць — ня ведаю. Людзі самі некаторыя памянялі трубы, вокны памянялі. Тут во ніхто не прыбірае. Мы самі прыбралі. Лаўкі самі папарабілі. Усё самі робім. У нас жа двор страшны».
Двор між «хрушчоўкамі»: ці то спартовая пляцоўка, ці то дарога

Двор між «хрушчоўкамі»: ці то спартовая пляцоўка, ці то дарога


Спадарыня: «Дык няхай бы яны хоць тарцы зрабілі, ня трэба ўвесь дом. У нас не было паравога ацяпленьня, дык сьцены ўсе мокрыя былі, і зацякаюць, і вецер дзьме. Во і вер ім, і ня вер. Каму зробяць ці па блату, ці бяз блату. А наш во дом мінулі».

Спадар: «Рамонтаў унутры ніякіх ня робіцца. Кажуць: «Тое, што вы плацілі — мы пра гэта ня ведаем, дзе яно й што. Давайце па новай».

Бальшыня жыльцоў зь неадрамантаваных «хрушчовак» ня верыць, што іхнія дамы калі-небудзь адрамантуюць і яны стануць выглядаць хаця б звонку прывабнымі. Капітальны рамонт «хрушчоўкі» — гэта яе ўцяпленьне шклопакетамі, дабудова і ўмацаваньне бальконаў, замена вокнаў і фарбаваньне сьцен звонку. Нутраное абсталяваньне — сантэхніка, батарэі — застаецца старое.
Дзьве «хрушчоўкі»: на пярэднім пляне — не рамантаваная, на заднім — пасьля рамонту

Дзьве «хрушчоўкі»: на пярэднім пляне — не рамантаваная, на заднім — пасьля рамонту


Агульны мэтраж «хрушчовак» у Беларусі — 25 мільёнаў квадратных мэтраў. Спэцыялісты прызнаюць, што рамонт «хрушчовак» — ня лепшае выйсьце, аднак каб зьнесьці іх, патрэбна 25 мільярдаў даляраў. Таму высілкі скіраваныя на рэканструкцыю такіх дамоў, каб, як кажуць спэцыялісты, наблізіць іх да стандартаў сучаснага камфорту.
XS
SM
MD
LG