Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 кастрычніка: Падарожжа па «Магдэбурскай Гародні»


Стары замак у Горадні

Стары замак у Горадні

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Падарожжа па «Магдэбурскай Горадні» ў рамках праекту «Куфэрак падарожжаў» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У праграме: каралеўскі горад, пэрліна беларускай архітэктуры, дзе захаваліся кварталы старажытнай гарадской забудовы; Стары і Новы замкі; Каложская царква — сьведка сівой мінуўшчыны; езуіцкі, бэрнардынскі, брыгіцкі касцёлы і кляштары, сынагогі і іншыя помнікі.

У горадзе Ніш у Сэрбіі адбудзецца літургія з удзелам герархаў праваслаўных цэркваў у сьвеце у гонар 1700-й гадавіны Мілянскага эдыкту — лісту імпэратараў Канстантына і Ліцынія, які абвяшчаў верацярпімасьць на тэрыторыі Рымскай імпэрыі. Мілянскі эдыкт зьявіўся істотным крокам на шляху ператварэньня хрысьціянства ў афіцыйную рэлігію імпэрыі. У адпаведнасьці з гэтым эдыктам усе рэлігіі былі ўраўнаваныя ў правах і, такім чынам, традыцыйнае рымскае паганства траціла ролю афіцыйнай рэлігіі. Эдыкт асабліва вылучаў хрысьціянаў і прадугледжваў вяртаньне хрысьціянам і хрысьціянскім суполкам усяе ўласнасьці, якая была адабраная ў іх падчас перасьледу.

У Багдадзе пачынаецца шасьцідзённы міжнародны кінафэстываль.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1788 — распачаўся Чатырохгадовы Сойм.

1927 — у Нью-Ёрку адбылася прэм’ера першага гукавога фільма («Сьпявак джаза»).

1941 — Гітлераўцы расстралялі ў Клецку блізка 4 тысячы габрэяў.

1953 — з галоўнага канвэеру Менскага трактарнага заводу сышоў першы сэрыйны трактар «Беларусь».

У гэты дзень нарадзіліся:

1876 — Ян Булгак, фотамастак і этнограф.

1887 — Ле Карбюзье, францускі архітэктар.

1908 — Алесь Мілюць, заходнебеларускі паэт

1914 — Тур Хэердал, нарвэскі падарожнік і навуковец, дасьледнік культуры ды паходжаньня розных народаў сьвету: палінэзыйцаў, індзейцаў, жыхароў востраву Пасхі і інш. Зьдзейсьніў некалькі надзвычай сьмелых плаваньняў на копіях старадаўніх суднаў.

У гэты дзень памерлі:

1677 — Альбэрт Каяловіч, беларускі пісьменьнік, палеміст, гісторык.

1809 — Францішак Бялінскі, генэрал-маёр войска кароннага, пісар вялікі каронны, асьветнік, пэдагог, прыхільнік усеагульнай адукацыі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Пакуль сотні тысяч спэцыялістаў ліхаманкава экспэрымэнтуюць з атамамі і лазэрамі, наша маленькая плянэта ляціць з звышгукавай хуткасьцю ў заўтрашні дзень, і ўсе мы — удзельнікі вялізнага тэхнічнага экспэрымэнту, і нам трэба навучыцца супрацоўнічаць, калі мы ня хочам пайсьці на дно разам з нашым агульным грузам».

Тур Хэердал
XS
SM
MD
LG