Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Федарэнка: У нас пісьменьнік, як блыха


Андрэй Федарэнка
Андрэй Федарэнка

Пісьменьнік Андрэй Федарэнка аднавіўся ў шэрагах незалежнага саюзу пісьменьнікаў. Мкалай Чаргінец: «Хочаш сысьці — ідзі, калі ласка».

Гісторыя з гучным сыходам таленавітага аўтара з афіцыйнага саюзу прыцягнула да сябе шмат увагі. На пачатку лета Федарэнка напісаў заяву пра сыход на той падтаве, што яго несправядліва звольнілі з працы ў холдынгу «Літаратура і мастацтва», а саюз пісьменьнікаў ніяк не пацікавіўся ягоным лёсам. Літаральна празь некалькі месяцаў Федарэнка аднавіўся ў іншым саюзе.

Учынак Андрэя Федарэнкі паклаў пачатак цэлай чарадзе гучных сыходаў з афіцыйнага саюзу. Яго пакінулі Алена Масла, Раіса Баравікова, Валеры Гапееў і іншыя літаратары. Шмат казалі пра тое, што сваім сыходам пісьменьнікі зрабілі грамадзкі жэст — маўляў, паступілі па сумленьні. Аднак сам Андрэй Федарэнка тлумачыць прычыны свайго сыходу праяўленай у дачыненьні да яго несправядлівасьцю і раіць не шукаць у сваёй прыналежнасьці да таго ці іншага саюзу ніякай палітычнай падаплёкі.

«Для пісьменьніка лепш, канечне, ні ў якім саюзе ня ўдзельнічаць. Але не заўсёды так атрымліваецца. Я быў амаль на вуліцы. У мяне абсалютна не было выйсьця. Я пайшоў туды, дзе я спатрэбіўся. Я дзяржаве больш стаў абсалютна не патрэбны. Чаму? Ня ведаю. Год быў беспрацоўны. Як гэта? За год чалавеку не знайсьці ніякай маленечкай працы, не пацікавіцца — дзе ён, што ён, жывы ён ці памёр ужо? Я год быў нікому не патрэбны. А калі знайшліся людзі, якія мною зацікавіліся, то чаму б мне…»

Кіраўніцтва незалежнага саюзу пісьменьнікаў рабіць падзею зь вяртаньня Андрэя Федарэнкі таксама адмаўляецца. Кажуць, што гэта прыватная справа самога пісьменьніка.

Адмовілася распавядаць пра свой лёс паміж двума саюзамі і пісьменьніца Алена Масла.

А вось просьба пракамэнтаваць сыход Андрэя Федарэнкі да старшыні афіцыйнага саюза Мікалая Чаргінца ператварылася ў доўгае інтэрвію з развагамі пра ўплыў афіцыйнага саюзу пісьменьнікаў на лёсы беларускай літаратуры.

Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец тлумачыць, што дапамагчы Андрэю Федарэнку нічым не маглі. А ў сыходзе пісьменьнікаў у іншы саюз катастрофы для яго таксама няма:

«Ён жа някепскі пісьменьнік. Мы аніводным словам не пярэчылі: хочаш сысьці — ідзі, калі ласка. Ён быў у мяне, мы пасядзелі, пагаварылі. Я шчыра скажу: калі б ён зьвярнуўся да мяне па гэтым пытаньні, мы б пасядзелі, пагаварылі, неяк бы хадайнічалі за яго — знайдзіце добраму пісьменьніку працу. Але ён не зьвяртаўся — моўчкі выйшаў, і ўсё. Мы ж не працадаўцы. Ён, можа, у нейкім эмацыйным стане перакінуў віну на саюз».

Па словах Мікалая Чаргінца, адмысловых выгодаў для сябраў саюза ў іх няма, грошай на заробкі ў іх няма, а адзіная надзея для іхнай арганізацыі — гэта спонсары. «Мы стараемся падтрымаць дух пісьменьніка» — кажа Мікалай Чаргінец.

«Залатыя горы за сяброўства мы не абяцаем», — кажа старшыня саюза. Аднак іншая карціна вымалёўваецца, калі старшыня афіцыйнага саюзу камэнтуе сыход Раісы Баравіковай. Яна, дарэчы, дагэтуль на сайце афіцыйнага саюзу пазначаная як сябра прэзыдыюму.
Баравікова ўвесь час лічыла, што ёй мала даюць

«Яна ўвесь час лічыла, што ёй мала даюць. Яна атрымала дзяржаўную ўзнагароду і ўзнагароду Савету Міністраў. Прыйшла, маліла мяне — дапамажыце, я ўжо сталая, буду сыходзіць з пасады рэдактара з часопіса. Ёй далі гадавую стыпэндыю за кошт дзяржавы. Гэта мы хадайнічалі. Яна выдала 13 кніг за апошнія гады ў дзяржаўных выдавецтвах, выкарыстоўваючы сваё імя, дзе атрымала ганарар — грошы. У адрозьненьне ад сотняў нашых пісьменьнікаў. У яе захаваліся стасункі зь людзьмі з таго саюзу, і гэтыя стасункі перарасьлі ў тое, што яна палічыла, што наш саюз ёй больш нічога ня дасьць.

Але яна памылілася, я вам скажу шчыра. Па ёй мы думалі сур’ёзныя захады зрабіць, па далейшай ацэнцы яе… Цяпер мы ўжо страцілі права, яна ж ня ў нас. Гэта справа яе».

«Я зь ёю пагаварыў. Я чытаў у „Народнай волі“, што яна прыйшла, паклала білет… Але тут яна крывіць душой трохі. Яна ў мяне сядзела дзьве гадзіны. Мы гаварылі, яна скардзілася на Новікава, бо яны там лічылі, што гэта нашая рука.

Распавяла, як яна там сустракалася з Богам ці з анёлам, калі пісала кнігу. Я ёй сказаў: хочаш — сыходзь. Але пасядзі, падумай — можа, ты робіш памылку».

«Яны там прымаюць людзей бяз кніг проста для колькасьці», «не бяруць тых, хто па-расейску піша», «папракаюць, што старшыня па-беларуску не гаворыць» — такія крыўды на адрас незалежнага саюзу выказвае Мікалай Чаргінец.

Старшыня пераконвае, што менавіта ягоны саюз найбольш дбае пра беларускую мову. Маўляў, нават выступілі з ініцыятывай, каб тых, хто жадае вучыць беларускую мову, на гадзіну раней адпускалі з працы. А яшчэ афіцыйны саюз зьвярнуўся да прэзыдэнта з просьбай, каб у Менску і Гародні былі вуліцы імя Васіля Быкава.

«У мяне каля сотні лістоў Быкава захоўваецца, — распавядае Мікалай Чаргінец, — ён у іх дае цьвярозыя ацэнкі шмат якім беларускім пісьменьнікам, якія цяпер крычаць, што яны былі вялікія сябры. І Законьнікаву, і Някляеву. Але бог зь імі. У мяне сотні фатаздымкаў з Быкавым, зробленыя і мной, і Мікалаем Матукоўскім».

Усё гэта старшыня саюзу пісьменьнікаў зьбіраецца перадаць у музэй Быкава.
Я больш, чым Бураўкін, беларус

«Мяне Бураўкін папракае, што старшыня і той па-беларуску не размаўляе. Дык ён проста кашчунствам займаецца, бо ведае цудоўна мой лёс. Я больш, чым ён, беларус. Нарадзіўся тут, і бацькі мае беларусы праз усе пакаленьні. Так атрымалася, што, нарадзіўшыся ў 1937 годзе, я пайшоў у 13-ю школу. Толькі ў 1944-м вызвалілі Менск ад немцаў. Гэта была сярэдняя мужчынская расейская школа, на Лагойскім тракце. Там беларускую мову выкладалі, як нямецкую — раз на тыдзень. Сем чалавек у нас у сям’і было, галадалі, бацька з вайны без нагі вярнуўся, я таму пайшоў у рабочую школу. Там не было беларускай мовы. Пайшоў у інстытут фізкультуры — не было беларускай мовы. Пайшоў на журфак — таксама ўсё па-расейску выкладалася. Пасьля служба — не да таго было».

Чаргінец пераконвае, што галоўнае разыходжаньне паміж саюзамі — не мастацкае, а палітычнае.

«Яны называлі Расею акупантамі, мы лічылі, што гэта няправільна. Яны крычалі „Далоў прэзыдэнта!“, мы падтрымалі прэзыдэнта. Вось чаму ўсё і адбылося. Нашыя заклікі — давайце займацца літаратурай — ня мелі ніякага ўзьдзеяньня».

Андрэй Федарэнка кажа, што ўся сыстэма пабудаваная так, што пісьменьніка ўвесь час не пакідаюць у спакоі: «Ня сам пісьменьнік, як блыха, скача туды-сюды — яго змушаюць. Створаныя такія ўмовы, каб абмежаваць ягоную волю. Увесь час ставяць перад выбарам: з кім вы, майстры культуры? Гэта ўсё таму, што ў нас ідэалягічная дзяржава».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG