Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднойчы адзін пуцін паехаў у Дрэздэн... дый не адзін зусім, а з афіцыйным сяброўскім візытам. Як водзіцца, у Дрэздэне яго сустракалі як дарагога госьця. Праўда, ні хлеба, ні солі, ні маладзіцаў ва ўласным соку не было — затое народ павітаў пуціна як мае быць. «Mörder! Mörder!» — усё крычаў нейкі немец, і калі б на месцы пуціна быў нейкі іншы дарагі госьць, дык падумаў бы, што так на мясцовым дыялекце гучыць «Добро пожаловать!» Але пуцін на сваю бяду нямецкую ведаў — і зрабіць выгляд, што ўсё ОК, ніяк ня мог.

«Забойца» — калі чалавека называюць гэтым прыгожым словам, чалавек патрабуе доказаў, падставаў і наагул пачынае псыхаваць. Доказаў у немца з прозьвішчам Кюнэ не было. Затое яны былі ў журналісткі Ганны Паліткоўскай. Каму-каму, а ёй — верылі нават ворагі. Яна пісала пра рэчы, згадваньне якіх прымушае нават самага далёкага ад «палітыкі» расейца раскрыцца і выказаць сваё стаўленьне да сваёй дзіўнай, няўцямнай, з «асобеннай стацьцю» дзяржавы, што ўжо даўно ляціць у нейкую чорную бездань, руйнуючы ўсё, што трапіла ёй пад бруха — хаця дзевяць зь дзесяці пасажыраў удаюць, што палёт нармальны, надвор’е цудоўнае і можна ўзяць сабе яшчэ піва. І дзевяць зь дзесяці скажуць, што Паліткоўская была вораг Расеі, за даляры займалася паклёпамі на бедных разанскіх і тамбоўскіх хлопчыкаў, якія трошкі пагарэзьнічалі на Каўказе, і, карацей, так ёй і трэба, с-сучцы.

Ці хочуць рускія вайны? Хочуць. Яна сказала тое, што ў 99,99 адсоткаў расейцаў ніколі ня стане духу прызнаць: пра тое, што ў Чачэніі адбываецца генацыд. Яна замінала ўсім, акрамя ўласнага сумленьня. Напэўна, такім і мае быць журналіст, які піша пра кроў і сьмерць.

7 кастрычніка 2006 году ў пуціных было сьвята. Паліткоўская была знойдзеная ў Маскве, у ліфце свайго дома, забітай. Прывітаньне ад пуцінаў — пісталет і гільзы — ляжалі побач зь целам, нібы намякаючы на тое, што былі ўжытыя выключна ў выхаваўчых мэтах. Не хавае ж настаўнік у стол сваю ўказку кожны раз, калі пройдзецца ёй па вучнёўскіх пальцах? У ліфце дома на Лясной вуліцы была праведзеная апэрацыя па захаваньні той адзінай прапорцыі, пры якой могуць існаваць пуціны: дзевяць за, аднаго ў магілу.

Калі б хаця двое зь дзесяці былі такія, як Паліткоўская, Расея была б іншая. Калі б усе журналісты ставіліся да працы так, як яна, за журналістаў было б ня так сорамна.

А магла б пра культурку пісаць. Пра празьнікі і дасьціжэнія. На расейскі кшталт — то бок заплюшчыўшы вочы, заткнуўшы рот валёнкам і надзеўшы вялікую зімовую фафудзьдзю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG